Нас перасталі «нахіляць»? Беларусь і Расея дамовіліся пра аб'ём паставак малочнай прадукцыі


27 красавіка на перамовах па ўзгадненню абʼёмаў паставак малочнай прадукцыі Беларусь і Расея «дамовіліся па большасці таварных пазіцыяў», паведамляе прэс-служба міністэрства сельскай гаспадаркі РФ.

Перамовы праходзілі ў фармаце відэа-канферэнцыі.

«Мы прызнаем наяўнасць пэўных праблем і гатовыя забяспечыць кантроль за якасцю і абʼёмамі паставак», – адзначыў кіраўнік галоўнага ўпраўлення вонкаваэканамічнай дзейнасці міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў.

Расея хоча, каб пастаўкі з Беларусі ажыццяўляліся праз адзінага трэйдара, які будзе кантраляваць кошты ды якасць прадукцыі. Акурат гэта і стане прадметам чарговага этапу «малочных перамоваў» паміж Расеяй і Беларуссю.

27 красавіка Лукашэнка даручыў прааналізаваць усе малочныя прадпрыемствы па трох крытэрах: заробак, кошт сыравіны і адлічэнні ў бюджэт. Адсталыя вытворчасці кіраўнік дзяржавы прапануе або закрыць, або мадэрнізаваць.

Напачатку красавіка Міністр сельскай гаспадаркі РФ Аляксандр Ткачоў заявіў, што беларусы мусяць шукаць новыя рынкі збыту малочнай прадукцыі. За некалькі дзён да гэтай заявы Аляксандр Лукашэнка вельмі эмацыйна пракаментаваў праблемы з пастаўкамі беларускай малочкі ў Расею. «Яны вырашылі нас нахіляць незразумела за што. Будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы», – сказаў Лукашэнка.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў