Малочная вайна. Беларусь пастаўляе ў Кыргызстан больш малака, але яно «губляецца» у Расеі?


У 2019 годзе Беларусь на фоне малочнай вайны з Расеяй рэзка павялічыла экспарт сваёй малочнай прадукцыі ў Кыргызстан. Але існуе імавернасць, што прынамсі частка яе магла згубіцца па дарозе на абшарах Расеі.

Як сведчыць інфармацыя Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у студзені-лютым 2019 года экспарт малочнай прадукцыі з Беларусі ў Кыргызстан вырас у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года ў 5-10 разоў. Агулам было пастаўлена малака і згушчаных і сухіх вяршкоў 5660 тонаў, малочнай сывараткі – 800 тонаў, сыру і тварагу – 864 тоны.

Hавiны
Як мы шукалі малако ад кароў Лукашэнкі
2019.02.24 17:11

За гэты ж час экспарт малочнай прадукцыі ў Расею, паводле Белстату, скараціўся больш, чым на чвэрць.

Пры гэтым сам Кыргызстан, паводле інфармацыі Еўразійскай эканамічнай камісіі, за студзень-люты 2019 года паставіў у Расею па некаторых пазіцыях малочнай прадукцыі ў 2,1-2,6 разы больш, чым у студзені-лютым 2018-га.

Hавiны
Расея не хоча выконваць пастанову ЕЭК аб допуску беларускай малочкі
2019.04.29 09:47

Малочная вайна

Усё гэта адбываецца на фоне таго, што «Рассельгаснагляд» яшчэ 6 чэрвеня 2018 года абмежаваў пастаўкі ў Расею з Беларусі малака і некаторых відаў малочнай прадукцыі. Дзякуючы падпісанай неўзабаве дамове, былі дазволеныя пастаўкі з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

У студзені 2019 года калегія ЕЭК паведаміла РФ пра неабходнасць выконваць дамову пра ЕАЭС пры абмежаванні паставак з Беларусі асобных катэгорый малочнай прадукцыі. Але ў Расеі з гэтым не пагадзіліся.

Hавiны
Расея скасавала забарону на пастаўкі з Беларусі малака без упакоўкі. Але іншыя абмежаванні застаюцца
2019.05.07 12:16

Па выніках пасяджэння міжурадавага савету ЕАЭС у Ерэване 30 красавіка, кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі дамовіліся аб адмене сектаральных абмежаванняў у малочнай галіне ў дачыненні ўсіх беларускіх прадпрыемстваў.

І хоць «Рассельгаснагляд» скасаваў татальную забарону на пастаўкі з Беларусі малочнай прадукцыі, іншыя абмежаванні, якія былі ўведзеныя «Рассельгаснаглядам» у дачыненні да 29 прадпрыемстваў Беларусі, захоўваюцца.

Што хаваецца за беларускімі пастаўкамі?

У каментары belsat.eu старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб адзначыў, што за рэзкім ростам паставак беларускай малочнай прадукцыі ў Кыргызстан могуць хавацца адразу дзве схемы. Гэтак, можна часткова казаць пра магчымую наяўнасць схемаў рээкспарту беларускай малочнай прадукцыі ў РФ праз Кыргызстан. «Мы пастаўляем туды, яны гэта называюць сваім і пастаўляюць у Расею», – сказаў ён.

Але найбольш верагодная, на яго думку, іншая схема.

«Расея даволі даўно выстаўляе Беларусі прэтэнзіі адносна транзіту беларускіх тавараў, якога, насамрэч, няма. Напрыклад, накіроўваецца малочка ў краіны Сярэдняй Азіі. Гэта можа быць і Кыргызстан, і Казахстан. Па дакументах, яна з Беларусі выйшла туды, але потым растварылася на абшарах Расеі і да гэтых краін не дайшла», – распавёў эканаміст.

На яго думку, Расея ў сваіх прэтэнзіях можа быць правая – у Кыргызстан «нешта проста не даходзіць».

У любым разе важна бачыць статыстыку Кыргызстану, якая б паказала, колькі малочнай прадукцыі з Беларусі ён атрымаў. Бо, заявіў Вадзім Іосуб, у свеце распаўсюджаная практыка ў вонкавым гандлі, калі звесткі пра двухбаковы гандаль паміж краінамі ў статыстыцы дзвюх краін могуць адрознівацца ў разы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў