Маленькая сястра «Паланезу»: Беларусь паказала новую сістэму залпавага агню


Беларуская ваенная прамысловасць стварыла баявую машыну рэактыўнага залпавага агню «Флейта» – кампактную і лёгкую мабільную сістэму непасрэднага падтрымання войскаў. Новую тэхніку паказалі сёння на калегіі Дзяржкамваенпраму.

РСЗА Флейта мае ў якасці базы бронеаўтамабіль Асілак SHTS, а кіраваць агнём мусіць мабільная кропка кіравання на базе бронеаўтамабіля Асілак АРС-6.

Вытворца абяцае падвышаную дакладнасць стральбы, дзякуючы аўтаматызаванай сістэме кіравання Альянс. Таксама машыны маюць бартавы навігацыйны комплекс. Час разгортвання для стральбы на мясцовасці – не больш за 60 секунд, час падрыхтоўкі да залпу – да 30 секунд.

Выява прататыпу РСЗА «Флейта». Фота з сацыяльных сетак

Страляе РСЗА 80-міліметровымі некіраванымі ракетамі С-8, якія могуць мець асколкавае, кумулятыўнае, бетонабойнае дзеянне, баявую частку з абʼёмна-дэтануючай сумессю. Таксама існуюць мадыфікацыі з баявой часткай, якая нясе 2000 стрэлавідных паражаючых элементаў. Акрамя таго выкарыстоўваюцца асвятляльныя ракеты гэтага тыпу і ракеты для стварэння пасіўных перашкодаў для радараў.

У адным залпе машына можа выпусціць адразу 80 снарадаў.

Гэтыя ракеты вырабляліся яшчэ ў СССР, таму ў Беларусі яны маглі ў значнай ступені страціць эфектыўнасць за кошт доўгага часу захоўвання. Аднак раней начальнік Навукова-даследчага інстытуту Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Алег Любочка паведаміў, што наша краіна паспяхова выпрабавала новае ракетнае паліва для такіх снарадаў.

Дальнасць стральбы сістэмы – да 5 кіламетраў, і такім чынам прызначэнне «Флейты» – непасрэдная падтрымка сухапутных войск і сілаў спецыяльных аперацый на полі бою. Адпаведна, лагічна, што сістэма стаіць на базе браніраванага аўтамабіля беларускай вытворчасці.

Апошнія гады беларускія Узброеныя Сілы імкнуцца да максімальнага падвышэння агнявой моцы як праз стварэнне сучасных высокадакладных дальнабойных ракетных комплексаў, такіх як «Паланез», гэтак і праз выкарыстанне старых савецкіх сістэм на новай колавай базе і з новымі сродкамі навядзення.

belsat.eu

Стужка навінаў