«Маленькая перамога». У ініцыятыўную групу Бабарыкі запісаліся больш за 10 тысяч чалавек


У ініцыятыўную групу патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі запісаліся больш за 10 тысяч чалавек. Пра гэта ён паведаміў у сацсетках.

«Вось мы і скончылі прымаць заяўкі на ўключэнне ў ініцыятыўную групу. Тых, хто пакінуў заяўку пасля паўночы, мы таксама пастараемся ўлічыць і ўключыць у спісы. Нас 10101!!!», – напісаў Бабарыка ў сваім фэйсбуку.

Ён назваў гэта «маленькай, але вельмі важнай перамогай».

«Я выдатна разумею, як складана было вам зрабіць гэты крок: пераадолець унутраныя страхі і перажыванні, нявер’е і сумневы, ляноту і абумоўленую заканадаўствам нявызначанасць маёй пазіцыі па многіх важных пытаннях. Але вы зрабілі гэта, а значыць вы – пераможцы! Велізарны ўсім дзякуй!», – дадаў экс-банкір.

18 траўня Бабарыка ідзе ў ЦВК падаваць удакладненыя і дапоўненыя спісы сваёй ініцыятыўнай групы. Узначальвае яе ягоны сын Эдуард Бабарыка.

Ці зарэгіструюць групу Бабарыкі, стане вядома на гэтым тыдні.

Нагадаем, раней паведамлялася, што самая масавая ініцыятыўная група – у Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Лідзіі Ярмошынай, туды запісаліся 11 тысяч беларусаў.

***

Агулам 55 чалавек падалі ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты. Пра гэта сведчаць дадзеныя на сайце Цэнтрвыбаркаму.

Каля 30 з 55 – гэта «кандыдаты пратэсту», якія вылучаюцца ў межах стратэгіі Мікалая Статкевіча. Дзевяці з іх ЦВК 15 траўня ўжо адмовіў у рэгістрацыі, спаслаўшыся на тое, што склад іх групаў часткова супадае. Статкевіч і ягоныя паплечнікі з гэтым рашэннем не згодныя і не збіраюцца адмаўляцца ад сваёй стратэгіі.

ЦВК таксама адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага, які цяпер адбывае адміністратыўны арышт. У ЦВК спаслаліся на тое, што ў заяве аб рэгістрацыі не было подпісу самога блогера. У гэтых умовах замест Сяргея ў прэзідэнты будзе балатавацца ягоная жонкаСвятлана Ціханоўская. Яна перадала дакументы ў ЦВК увечары 15 траўня, узначаліць ініцыятыўную групу сам Сяргей.

Hавiны
Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў падалі 55 патэнцыйных кандыдатаў. Галоўнае
2020.05.15 20:58

КА belsat.eu

Стужка навінаў