Малдова: у ЕЗ праз Бухарэст або «Бесарабія – гэта Румынія»


Малдаўскія рамантыкі мараць пра Вялікую Малдову, як і беларусы, якія мараць аб Вялікім Княстве, – заявіў у інтэрв’ю «Белсату» адвакат Валерый Ажог, каардынатар міжнародных праектаў фірмы EWL S.A. у Варшаве. Размова таксама пойдзе пра тое, ці магчымы самастойны шлях Малдовы ў Еўразвяз або толькі цераз далучэнне да Румыніі. Якія праблемы падштурхоўваюць малдаван з’язджаць з краіны, і якіх пераменаў варта чакаць у краіне пасля правядзення выбараў.

Самае распаўсюджанае меркаванне, што Малдова – адна з самых бедных краін у Еўропе. У чым праблема? Як так здарылася?

Распад Савецкага Саюзу, эканоміка якога не гатовая была арыентавацца на Захад, а арыентавалася на Расею, карупцыя, недастатковая эфектыўнасць дзяржаўных органаў, эміграцыя моладзі, інтэлігентных людзей з краіны – усё гэта ў сукупнасці і прывяло да таго, што Малдова з’яўляецца самай беднай краінай у Еўропе .

Ці вераць людзі ў Малдове, і асабіста вы, што выбары могуць нешта змяніць да лепшага ў жыцці звычайных людзей?

На маю суб’ектыўную думку, у Малдове на сённяшні дзень ёсць велізарнае расчараванне ў палітычным класе.

Малдаване проста страцілі надзею, што хтосьці можа што-небудзь змяніць, і гэта адчуваецца. Кожны другі – кожны трэці хоча з’ехаць.

Апатыя і жаданне з’ехаць. Вы пра гэта добра ведаеце, таму што якраз у фірме займаецеся тым, што набіраеце работнікаў у Еўразвяз.

Я адзін з тых людзей, якія прынялі гэта рашэнне тры гады таму.

Што паўплывала на ваша рашэнне аб тым, каб з’ехаць з Малдовы ў Польшчу?

Стабільная бесперспектыўнасць. У Польшчы адчуваецца, што краіна расце, што ў яе ёсць будучыня, людзі вераць у будучыню краіны.

У Малдове няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, няма ўпэўненасці ў тым, што можа адбыцца заўтра.

Гэтая нестабільнасць і ўплывае на такія рашэнні.

Вы трохі ўспомнілі пра распад Савецкага Саюзу. Прапаную крыху далей паглыбіцца ў гісторыю. Мне здаецца, што ў гісторыі Малдовы, і нам, беларусам, гэта вельмі добра зразумела, таксама ляжаць карані сучасных праблем – тое, што Малдова гістарычна была ў два разы большай. У яе быў доступ да мора, можна было гандляваць па моры. У перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі сучасная тэрыторыя Малдовы належала Румыніі, затым Савецкі Саюз інвертаваў яе. У выніку пасля распаду атрымалася Малдова, якая ў прынцыпе, як мне здаецца, падобная даа Арменіі. Таксама была вялікая гістарычная Арменія, а цяпер маленькая Арменія, у Малдовы падобная гісторыя. Як вы лічыце, ці правільна чакаць, што недзе ў глыбіні гісторыі корань сучасных праблем, і што, магчыма, суседзі вінаватыя ў тым, што малдаване ў такой цяжкай сітуацыі, а не самі малдаване?

Я так не лічу. Вы маеце рацыю ў тым, што зыходзячы з таго, што ў Малдовы была свая спецыфічная гісторыя, і яна страціла сваю дзяржаўнасць больш за дзвесце гадоў таму, паўплывала на тое, што ў Малдове не сфармавалася культуры дзяржаўнасці. Няма гэтай гісторыі культуры ў палітычным класе. Гэта павінна прыйсці праз некалькі дзясяткаў гадоў. Мне здаецца, з такімі ж праблемамі сустракаюцца і іншыя краіны, якія з’явіліся пасля 1990-х.

У Беларусі падобная праблема, нават яшчэ горш. Некаторыя лічаць, што Беларусі толькі сто гадоў. А тое, што было ў Сярэднявеччы – называлася па-іншаму, і было іншай дзяржавай. А іншыя лічаць, што Вялікае Княства – наша. Дарэчы, цікава, што і сярэднявечная Малдова, і Вялікае Княства Літоўскае даволі блізка супрацоўнічалі, разам былі рыцары на Грунвальдскім полі і не толькі.

Шлях у Еўразвяз ляжыць праз Бухарэст. Што гэта значыць? Далучыцца да Румыніі, каб выйсці ў Еўразвяз? Малдова сама не можа туды ўвайсці як асобная дзяржава?

Для кожнага гэта значыць нешта сваё. Напрыклад, для некаторых гэта наогул нічога не значыць, хто не бачыць шляхоў для Малдовы ў Еўразвяз. Але ёсць і людзі, якія вераць у тое, што Малдова павінна ісці па шляху далучэння да Еўразвязу, павінна развіваць гэтыя формы, і лічаць, што адзіным лепшым саюзнікам, які знаходзіцца ў Еўразвязе ёсць Румынія, якая б прасоўвала інтарэсы Малдовы, таму што яна ў гэтым зацікаўленая. І іншая катэгорыя людзей, якія думаюць аб далучэнні да Румыніі.

Яны лічаць, што сама па сабе Малдова невядома калі стане членам Еўразвязу. Таму самы просты шлях – праз далучэнне, але такіх людзей менш.

Калі я быў у Румыніі, бачыў, што ў той яе частцы, якая гістарычна была Малдовай, дзесяткі надпісаў «Бесарабія – гэта Румынія». Па сутнасці Бесарабія – гэта частка Малдовы. Ці значыць гэта, што яны хочуць далучыць Малдову? Як да гэтага ставяцца ў самой Малдове?

Афіцыйная Румынія ніколі не кажа аб далучэнні.

Нацыяналісты так лічаць?

Я б не хацеў называць гэтых людзей такім словам, таму што ў нас былы савецкі нацыяналіст – хадзячая назва. Гэта рамантыкі, якія, як і беларусы, мараць аб Вялікім Княстве Літоўскім. Дакладна так існуюць людзі, якія мараць пра Вялікую Румыніі і Малдову. Вялікая Румынія – гэта не толькі Малдова, гэта яшчэ і частка Украіны.

У вас цікавая гісторыя, вы напалову малдаванін, напалову паляк. На што спадзяюцца палякі, якія жывуць у Малдове? Гістарычна там жыве даволі шмат палякаў. Чаго яны хочуць? Каб Малдова ўступіла ў Еўразвяз, ці каб пакінула статус-кво, а можа, каб збліжалася з Расеяй?

Усё залежыць ад пакалення. Старэйшае пакаленне, якое нарадзілася ў Савецкім Саюзе, яно, вядома, больш цягнецца да сваёй маладосці, да Савецкага Саюзу. Маладое пакаленне – больш да Еўразвязу.

Што адбываецца ў Малдове напярэдадні парламенцкіх выбараў глядзіце ў спецыяльным выпуску праграмы «Прасвет»:

Стужка навінаў