Малдова адмовілася ад расейскага ТБ


Тэлеканалы Малдовы ў хуткім часе спыняць практыку транслявання расейскіх навінаў і палітычных ток-шоу, піша «Deutsche Welle».

Адпаведныя папраўкі ў заканадаўства былі прынятыя 7 снежня і дазваляюць рэтрансляваць на тэрыторыі краіны толькі тыя інфармацыйныя і аналітычныя праграмы, якія стварылі ў краінах, дзе ратыфікавалі Еўрапейскую канвенцыю аб трансгранічным тэлебачанні.

Расея падпісала гэты дакумент яшчэ ў 2006 годзе, але не ратыфікавала яго. Папраўкі ў малдаўскі Кодэкс аб тэлерадыёвяшчанні прадугледжваюць для парушальнікаў закона штрафы ад 70 да 100 тысяч лееў (ад € 3500 да € 4900).

Абмеркаванне законапраекту ў парламенце доўжылася тры гадзіны. У дакуменце не гаворыцца непасрэдна аб забароне трансляцыі расейскіх праграмаў і няма ні слова пра расейскую прапаганду, але прыхільнікі новаўвядзенняў выкарыстоўвалі расейскае ТБ у якасці прыкладу прапаганды. Апазіцыйная фракцыя камуністаў пакінула залу пасяджэнняў, не дачакаўшыся галасавання.

Сацыялісты, якія выступаюць за еўразійскі шлях развіцця краіны, засталіся ў зале, але не галасавалі. 61 дэпутат з 87 прысутных на пасяджэнні, выказаўся «за». Усяго ў малдаўскім парламенце 101 дэпутат.

ЮВ, belsat.eu, паводле dw.com

Стужка навінаў