«Малады фронт» хоча, каб пракуратура разабралася з «нашчадкамі Дзяржынскага з МУС»


20161029kdb1-1

Акцыя ў Менску 29 кастрычніка

Сёння маладафронтаўцы накіравалі некалькі скаргаў у пракуратуру Менску, каб там разабраліся з сілавікамі, якія перашкаджалі акцыі памяці ахвяраў сталінізму.

Акцыя праводзілася 29 кастрычніка ля сценаў КДБ. Перад яе пачаткам, а 18:55 на вуліцы Кальварыйскай супрацоўнікі ДАІ і КДБ спынілі аўта Змітра Дашкевіча, паведамляе сайт «Маладога фронту». Маёр Сяргей Макарэвіч заявіў актывісту, што «машына ва ўгоне ці за рулём пʼяны кіроўца». Пасля 30-хвіліннай праверкі Дашкевіча адпусцілі.

За дзень да акцыі да актывіста Сяргея Пальчэўскага прыйшоў участковы, які пагражаў маладафронтаўцу, што той не «аддзелаецца адміністрацыйным пратаколам», калі прыйдзе да будынку КДБ. У дзень акцыі міліцыянты тэлефанавалі і іншым актывістам – Уладзіміру Яроменку ды Арцёму Леўчанку.

Маладафронтаўцы патрабуюць ад пракуратуры ўстанавіць міліцэйскіх асобаў і вызначыць, ці мелі тыя права так паводзіць сябе з актывістамі.

Чытайце таксама >>> Начальнік менскай міліцыі пра рэпрэсіі: Гэта ўсё – плод вашай фантазіі

«Мы вельмі даўно не назіралі такой нервовай рэакцыі сілавікоў на нашыя акцыі. Гістэрыю сілавікоў 29 кастрычніка мы звязваем толькі з тым, што падчас акцыі рабілі акцэнт на сённяшніх сілавіках, як нашчадках НКВДэшных карнікаў, якія здзяйснялі генацыд беларускай нацыі», – заявіў Зміцер Дашкевіч.

Таксама ён распавёў, чаго ў такой сітуацыі можна чакаць ад пракуратуры:

«Мы, вядома, не разлічваем, што нашчадкі Дзяржынскага з пракуратуры разбяруцца з нашчадкамі Дзяржынскага з МУС і КДБ, але ў сваіх заявах задакументавалі чарговыя праявы пераследу, каб у будучым незалежны суд даў гэтым дзеянням справядлівую ацэнку».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў