Маладая пара захрасла ў корку, а ў іх машыну трапіла граната. «Кроў была ўсюды»


Маладыя менчукі цудам засталіся жывыя пасля таго, як у іх аўтамабіль з боку сілавікоў прыляцела граната. У выніку ў хлопца – разрыў барабаннай перапонкі, у дзяўчыны – кровазліццё ў вочы. Шматлікіх асколачных ранаў не злічыць у абаіх.

Машына пасля выбуху святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Малады айцішнік Аляксей В. і ягоная дзяўчына Валерыя Т., дызайнерка вясельных строяў, паехалі на аўтамабілі спаткацца з сябрамі ды пашпацыраваць з імі па вячэрнім Менску пасля працоўнага дня 10 жніўня. Пара кіравалася ад станцыі метро «Спартыўная» ў беларускай сталіцы да комплексу «Каскад», але па дарозе – ля станцыі метро «Пушкінская» – яны трапілі ў затор. Рух быў спынены: у гэтым раёне на вуліцу выйшлі пратэстоўцы, якія дамагаліся свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі. Непадалёк групаваўся АМАП.

«Людзі чакалі ў машынах, бо акцыя была мірная. Раз-пораз выходзілі з аўтаў, каб размяць ногі, дзяліліся вадой. Былі сем’і з дзецьмі», – распавяла Валерыя.

Кавала святлошумавой гранаты, якая трапіла ў аўта ў Менску 10 жніўня на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Калі пачаліся выбухі і выстралы з боку сілавікоў, то пара ўсё роўна адчувала сябе досыць бяспечна. Ім падавалася, што сітуацыя абвастраецца, але падзеі разгортваюцца недзе далёка ды іх не закрануць.

«Мы не думалі, што па нас будуць страляць. Побач жа ў корку стаялі гарадскія аўтобусы і тралейбусы, хай сабе і амаль пустыя, але мы не думалі, што ў гэты бок будуць паліць», – падкрэсліў Аляксей.

Машына пасля выбуху святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Знянацку ў іх бок прыляцела граната, стукнулася аб машыну і ўзарвалася. «Мы сядзелі ў аўце. Раптам удар і цішыня. Мяне аглушыла, я нічога не адчувала і не разумела. Сябе я не бачыла. Глянула навокал – кроў была ўсюды. З Аляксея літаральна струменямі лілася кроў. Мы выскачылі з машыны і не ведалі, куды бегчы. Там уцякалі людзі і яны задалі нам кірунак уцёкаў. Без іх мы б не далі рады», – расказала Валерыя.

Ахвяры святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Паводле Аляксея, які сядзеў тады на месцы кіроўцы, граната трапіла ў стык паміж лабавым шклом і дахам, крыху вышэй ад ягонага твару: «Была ўспышка, а потым цемната і цішыня». На ягоную думку, немагчыма, каб гэтую гранату кінулі ўручную. Ад іхнага аўтамабіля да АМАПу было блізу 300 метраў – ніхто б не кінуў на такую адлегласць уручную.

«Відаць, стралялі з марцір ці ручных гранатамётаў. Прычым мэтанакіравана па людзях. Пры тым ніякіх папярэджанняў пра атаку і стрэлы мы не чулі», – заўважыў Аляксей.

Ахвяры святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

У агульным хаосе і паніцы нельга было выклікаць хуткую дапамогу, бо тэлефонная лінія была перагружаная. Да таго ж лекары наўрад ці дабраліся б да пацярпелых, бо праезная частка заставалася заблакаванай. Дзяўчыну і хлопца падабраў таксіст, які бясплатна развозіў перапалоханых людзей з месца здарэння.

«Мы ехалі па ўзбочыне, па газонах, а мінакі ішлі нам насустрач і не разумелі, куды мы едзем. Тады я высунулася праз акно і паказвала людзям акрываўленае адзенне. Яны бачылі і расступаліся», – гэтак узгадвае той вечар Валерыя.

Ахвяры святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Кіроўца давёз пару ў найбліжэйшую медычную ўстанову – гэта аказаўся радзільны дом № 2 у Менску.

«Там былі ў шоку, але прынялі нас і выклікалі хуткую», – дадала дзяўчына.

Маладых людзей завезлі ў Вайсковы шпіталь, дзе ім аказалі ўжо больш грунтоўную дапамогу. Але па лякарні хадзілі чуткі, што ўсімі пацярпелымі на пратэстах зацікавіўся Следчы камітэт і лепей было б тут не заставацца.

Ахвяры святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

«Аляксей быў вельмі моцна паранены. У яго былі вельмі глыбокія раны, моцнае раненне ў грудзі, дзіркі ў руках і нагах, таму ён мусіў застацца. А я магла хадзіць, таму пастанавіла вярнуцца дадому», – адзначыла Валерыя.

Ахвяры святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Наступныя два дні яна ездзіла да знаёмых на перавязкі. Тыя выцягнулі ёй з нагі кавалак шкла. Але ўвесь час яна кепска чула, ёй былі патрэбныя капельніцы і антыбіётыкі, таму яна звярнулася да доктара, а той скіраваў яе ў Рэспубліканскі цэнтр оталарынгалогіі на вуліцы Сухой у Менску.

У дзяўчыны дыягнаставалі ўзрыўную рану, асколачныя раненні ніжніх і верхніх канечнасцяў, шыі, твару, пашкоджанне барабанных перапонак, кровазліццё ў вочы, іншародныя целы ў вачах.

«У мяне дык яшчэ ўсё больш-менш. А ў Аляксея, майго хлопца, лопнула барабанная перапонка, а ён музыка, грае ў гурце. І гэта вельмі важна для яго. Не ведаю, як ён, бедны, дасць рады», – кажа дзяўчына.

Ахвяры святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

У Аляксеевым дыягназе значыцца наступнае: камбінаваныя пашкоджанні, спалучаная траўма галавы, канечнасцяў, грудзей, жывата, шматлікія асколачныя сляпыя раненні шыі, грудзей, абедзвюх кісцяў, правага перадплечча, пярэдняй брушной сценкі, левага бядра і галёнкі, пашкоджанне барабаннай перапонкі, траўматычны разрыў правай барабаннай перапонкі, вострая двухбаковая нейрасэнсорная тугавухасць.

«Спадзяюся, што мы пацярпелі недарэмна… Вельмі б хацелася, каб такое ў нашай краіне больш ніколі не паўтарылася», – падкрэслівае Аляксей.

Ахвяры святлошумавой гранаты ў Менску, 10 жніўня, на Пушкінскай. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Маладыя людзі збіраюцца падаваць скаргі ў пракуратуру і Следчы камітэт.

«Мы былі ў заторы. Паводле якога такога закону АМАПаўцы страляюць па людзях у корку? Што гэта такое? Аднаго прабачэння тут мала. Вінаватыя мусяць быць пакараныя паводле закону», – адзначае Валерыя.

Віктар Шукеловіч belsat.eu

Стужка навінаў