Максім Знак: «Усім усё зразумела. Машу павінны выпусціць у бліжэйшы час»

Павел Латушка, Марыя Калеснікава, Максім Знак. Фота: Belsat.eu

Максім Знак, сябра Прэзідыума Каардынацыйнай рады, у сваім FB пракаментаваў «выезд» і затрыманне Калеснікавай:

«Усім усё зразумела. А мне цікава, што Маша вярнула іх у прававое поле, і цяпер трэба будзе абгрунтоўваць затрыманне. Скажыце, якое злачынства ці хаця б правапарушэнне здзяйсняе грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які прайшоў мытны і пашпартны кантроль, і якога »выкідаюць« з машыны, калі кіроўца не падпарадкоўваецца патрабаванням патруля? Наагул што парушае гэты чалавек? Мяркуючы па ўсім, Машу павінны выпусціць у бліжэйшы час – бо ўчора яе атрымліваецца не затрымлівалі, а цяпер падстаў для затрымання няма. Брава, Маша, гэта лепшы перформанс і проста геніяльнае вяртанне ў юрыдычную плоскасць».

Марыя Калеснікава затрыманая, яна не ўязджала ва Украіну

8 верасня Марыя Калеснікава была затрыманая на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Намеснік міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка пракаментаваў у Facebook выезд з Беларусі сябраў Каардынацыйнай Рады:

«Гэта не быў добраахвотны выезд. Гэта было гвалтоўнае выправаджэнне з роднай краіны. Марыю Калеснікаву не ўдалося выправадзіць з Беларусі. Гэтая смелая жанчына распачала дзеянні па перадухіленні яе перамяшчэння праз мяжу. Яна засталася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Усю адказнасць за яе жыццё і здароўе нясе персанальна Аляксандр Лукашэнка».

belsat.eu

Hавiны