Пякарскі пра Miensk Edge Day: Падавілі ўсіх – і ўзяліся за субкультуры


Вядомы па «справе графіцістаў» актывіст Максім Пякарскі быў адным з наведнікам канцэрту Miensk Edge Day, якіх збілі міліцыянты. Хлопец распавядае падрабязнасці затрымання і дзеліцца сваім меркаваннем навошта гэта ўладам.

У залю, дзе меўся адбыцца канцэрт, уварваліся байцы АМАПу, збілі і паклалі прысутных тварамі на падлогу. Пасля чаго выставілі ўсіх каля сцяны на расцяжкі.

«За ўвесь час усяго гэтай іхнай акцыі, калі яны ўварваліся, брутальна паклалі людзей, а потым пагрузілі ў аўтобус і завезлі ў РАУС, нікому нічога не тлумачылі, – сведчыць Макс Пякарскі, якога затрымалі адным з першых. – Таксама сярод затрыманых быў Вячаслаў Касінераў. Чалавек, які кіраваў затрыманнем, пазнаў Касінерава ў твар і даў загад весці яго ў аўтобус. Частку людзей адпусцілі наўпрост на месцы, а рэшту, у тым ліку музыкаў, завезлі ў Партызанскі РАУС».

Пякарскі кажа, што калі яны пыталіся ў супрацоўнікаў міліцыі, чаму адбыліся затрыманні, ніхто не адказаў – маўляў, «нічога не ведаем». Кіраўнікі міліцыі стаялі моўчкі і не давалі адказаў.

Бранзалетка наведніка канцэрту Miensk Edge Day 2017. Фота – Ірына Арахоўская

Калі да Партызанскага РАУСу прыехалі сябры затрыманых, праваабаронцы і журналісты, дзверы ўжо былі зачыненыя. Дзяжурны аператыўнай службы запэўніваў, што да іх нікога з затрыманых не прывозілі. Пасля ён выключыў святло ў фае будынку і не рэагаваў на выклікі па галоснай сувязі.

У гэты час затрыманыя знаходзіліся ўва ўнутраным дворыку, дзе праводзіўся дагляд рэчаў.

«Ува ўнутраным дворыку нас зноўку паставілі да сцяны, па адным выклікалі па прозвішчах. Мы даставалі свае рэчы з кішэняў, клалі ў заплечнікі або ў пакеты і пакідалі іх на вуліцы. Каго праверылі, таго вялі на другі паверх у актавую залю», – распавядае Пякарскі.

У актавай залі затрыманых рассадзілі, міліцыянты падыходзілі да кожнага і перапісвалі асабістыя звесткі. Паводле Пякарскага, ніякіх пратаколаў не складалі. У кабінеты асабіста выклікалі музыкаў і арганізатараў канцэрту.

«Падпарадкаваць непадкантрольную моладзь»

Праз тры гадзіны затрыманых пачалі вывозіць з РАУСу. Каля станцыі метро Партызанская іх адпусцілі без складання пратаколаў і якіх кольвек папераў.

Максім Пякарскі лічыць, што праваахоўнікі «трэнаваліся».

«У Беларусі падавілі палітычныя і фанацкія суполкі. Цяпер улады бяруцца за непадкантрольную моладзь – за субкультуры», – заяўляе Максім Пякарскі.

Увечары 14 кастрычніка ў Менску адбылося масавае затрыманне ўдзельнікаў канцэрту Minsk Edge Day 2017. Сярод гледачоў былі пераважна прадстаўнікі антыфашысцкага руху.

Ганна Аземша, Ірына Арахоўская, ДД

Стужка навінаў