Максім Харошын, якога моцна збілі сілавікі, не пазнаў жонку


Стан менскага бізнесоўца Максіма Харошына моцна пагоршыўся. Ён нават не пазнаў жонку.

«Яму стала горш уначы. Нават не пазнаваў раніцай мяне. Лекары зрабілі яму нейкі ўкол, каб стала лягчэй. Перыядычна прыходзяць нейкія дактары. Сёння яму пацвердзілі чэрапна-мазгавую траўму і прызначылі дадатковыя даследаванні, бо праявіліся дадатковыя траўмы: ёсць болі ў пазванку, грудной клетцы, шыйным аддзеле», – распавядае ягоная жонка Кацярына Харошына.

Кацярына Харошына таксама распавяла «Белсату» пра свой цяперашні стан:

«Мы трымаемся, спадзяемся на лепшае, але дактары сцвярджаюць, што стан Максіма – гэта наступствы чэрапна-мазгавой траўмы».

Дзяўчына выказала падзяку ўсім, хто набывае кветкі ў іхнай краме.

«Я прыязджала да крамы, было вельмі шмат людзей. Я ім падзякавала. Была вельмі ўдзячная, што яны хочуць нас падтрымаць».

Сям’я Харошыных плануе падаць скаргу на дзеянні сілавікоў у Следчы камітэт. Міліцыя пракаментавала жорсткае затрыманне Максіма Харошына так:

«Папярэдне можна паведаміць, што яго даставілі ў Першамайскае РУУС Менска за здзяйсненне адміністратыўнага правапарушэння. Работнікі аховы здароўя прыбылі на выклік супрацоўнікаў міліцыі, якім ён паведаміў пра наяўныя захворванні. Маладога чалавека адвезлі ва ўстанову аховы здароўя. У частцы прычынення цялесных пашкоджанняў, пра якія паведамляецца ў некаторых інтэрнэт-крыніцах, інфармацыя неправераная. Грамадзянін мае права звярнуцца ў следчыя органы з заявай для правядзення праверкі ў частцы абставінаў атрымання цялесных пашкоджанняў».

  • Максіма Харошына моцна збілі ў РУУСе 13 кастрычніка. Мужчына – уладальнік кветкавай крамы, і дарыў кветкі жанчынам, якія ўдзельнічалі ў ланцугах салідарнасці.
Стужка навінаў