Максім Харошын раздаваў кветкі дзяўчатам на маршах, у РУУС яго білі нагамі і дубінкамі


Уладальнік кветкавай крамы «Первый Цветной» Максім Харошын быў затрыманы ранкам 13 кастрычніка у адным са сталічных двароў. Мужчына вядомы тым, што на жаночых маршах раздаваў кветкі дзяўчатам. Зараз Максім Харошын у 3-м гарадскім шпіталі Менску.

Да аўтамабіля Максіма падʼехалі два аўта з невядомымі ў балаклавах. Мужчыну «дасталі» з машыны, і з заламанымі за спінаю рукамі «суправадзілі» ў мікрааўтобус. Відэа затрымання выклаў сябар Максіма – Саша Філіпенка на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

А вось у такім стане Максіма Харошына забралі з РУУСа на хуткай дапамозе:

Як паведаміла belsat.eu адвакатка сямʼі Юлія Леванчук – Максім і яго жонка былі гвалтоўна затрыманыя каля ўласнага дома. Жонку адпусцілі, а Харошына павезлі ў Першамайскі РУУС, куды адразу ж накіравалася і сама адвакатка:

– Мне доўга не казалі, што Максім, – кажа адвакатка. – Я патрабавала кнігу скаргаў і прапаноў, яе таксама не выдалі. Калі прыехала хуткая – Максіма вывелі збітага. Ён ледзь мог нешта казаць. Але распавёў, што ў РУУС яго білі нагамі і дубінкамі.

– Паводле Максіма Харошына, супрацоўнікі міліцыі яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта разабраў вадамёт падчас маршу 4 кастрычніка, падпаліў дачу камандзіра сталічнага АМАПу Дзмітрыя Балабы, – распавяла адвакатка. Усё гэта неафіцыйныя абвінавачванні, з яго словаў, удакладніла Юлія Леванчук, афіцыйных абвінавачанняў Максіму Харошыну няма.

Юлія Леванчук, адвакатка затрыманага і збітага міліцыянтамі Максіма Харошына, уладальніка кветкавай крамы з Менску.
Фота: ТК / belsat.eu

Адвакатка Максіма лічыць, што мужчыну затрымалі за актыўную пазіцыю і за ўдзел у мітынгах супраць гвалту.

Па словах Юліі Леванчук зараз Максім праходзіць абследаванне і будзе шпіталізаваны ў хірургічнае аддзеленне:

– Ёсць падазрэнне на пералом носа і ацёкі ўнутраных органаў. Дыягнаставаная чэрапна-мазгавая траўма і шматлікія пабоі.

Кацярына Мустаева, жонка Максіма Харошына.
Фота: ТК / belsat.eu

Зараз адвакатка і жонка Максіма знаходзяцца ў лякарні. Па словах Юліі Леванчук, некаторы час побач з імі былі нейкія людзі, апранутыя ў цывільнае, якіх Максім Харошын пазнаў як тых, хто яго збіваў.

– Зараз гэтыя людзі зʼехалі. Але была праведзеная фотаздымка. Калі мы атрымаем усе дакументы пасля даследвання Максіму – будзем падаваць заяву у Следчы Камітэт на узбуджнне справы.

Таксама зʼяўлялася інфармацыя, што ў кветкавай краме «Первый Цветной» адбываецца ператрус, але пацвердзіць яе адвакатка не змагла.

Максім Харошын і Кацярына Мустаева.
Фота: Relax.by
  • Максім Харошын – 34-гадовы менскі бізнесовец. Разам з жонкай Кацярынай Мустаевай валодае брэндам «Первый Цветной», які пазіцыянуецца як кветкавае атэлье. Сямʼя мае непаўнагадовае дзіця.

«Белсат» будзе сачыць за развіццём падзеяў.

Hавiны
11 кастрычніка ў БХМД першым прывезлі юнака з куляй у носе
2020.10.13 10:53

МД belsat.eu

Стужка навінаў