Макей заявіў пра «антыбеларускую істэрыю» і анансаваў «вострыя» перамовы з Масквой


Міністр замежных справаў Уладзімір Макей даў вялікае інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь-1», у якім пракаментаваў актуальную сітуацыю ў беларуска-расейскіх адносінах і эканамічныя стасункі Беларусі з Захадам. Belsat.eu максімальна сцісла пераказвае размову.

Пра запланаваную на 21 верасня сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна разам з урадамі двух краінаў

«Я думаю, што на гэтай сустрэчы будуць прынятыя канкрэтныя рашэнні, якія дазволяць нам, па меншай меры на бліжэйшую перспектыву ліквідаваць тыя рознагалоссі, якія маюцца на сённяшні дзень. Я перакананы што гэта будзе можа быць вострая размова, але канструктыўная размова», – заявіў Макей.

Пра «ўкіды» расейскіх СМІ

Карэспандэнт «Беларусь-1» спытала Макея пра «укіды» некаторых тэлеграм-каналаў (канал «Незыгар» на БТ не назвалі, але відавочна, што менавіта ён меўся на ўвазе).

«Я думаю, што падобнага род «ўкіды» робяць не прыхільнікі, а праціўнікі беларуска-расейскай супрацы. Калі паглядзець на змест асобных опусаў, то ў іх заўважная антыбеларуская істэрыя і адкрытая нелюбоў да Беларусі. Таму звяртаць увагу на заяву падобных маргінальных СМІ трэба, але я не думаю, што яны гуляюць вызначальную ролю ў нашым супрацы з нашым стратэгічным саюзнікам», – заявіў міністр.

Пра стасункі з ЕЗ

Паводле Макея, Брусель апошнім часам дэманструе больш адкрытасці і не праводзіць ніякіх дыскрымінацыйных мераў адносна Беларусі.

«Аднак мы ўсё ж такі адчуваем пэўныя нюансы, звязаныя з палітычнай сферай, калі мы гаворым пра тое, што нам трэба развіваць гандлёва-эканамічную супрацу», – дадаў ён.

Пра нейтральную пазіцыю Беларусі па ўкраінскім пытанні

Макей заявіў, што пазіцыя Лукашэнкі ў тым, каб палітыка Беларусі не садзейнічала павелічэнню ўзроўню канфрантацыі ў рэгіён. Пры гэтым не можа ісці гаворкі аб нейкіх палітычных дывідэндах ад сітуацыі ў рэгіёне – Беларусь наадварот пакутуе ад гэтага. Аднак Макей прызнаў, што нейтральная пазіцыя Беларусі мела пазітыўныя наступства для іміджу краіны.

«Калі ты робіш добрую справу і гэта ўспрымаецца добра, то ў гэтым няма нічога ганебнага», – падкрэсліў ён.

Аб уступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА)

Па словах Макея, за апошнія 1,5 года Менск дасягнуў сур’ёзнага прагрэсу ў перамовах аб уступленні ў СГА – за гэты перыяд было заключана 8 пратаколаў з рознымі краінамі. І гэта пры тым, што з 2010 па 2017 года праца ў гэтым кірунку наогул не вялася. Міністр заявіў, што Беларусі засталося правесці перамовы яшчэ з 8 дзяржавамі – у тым ліку ЗША і краінамі ЕЗ. Аднак Макей падкрэсліў: уступленне ў СГА не самамэта, далучацца да арганізацыі трэба толькі для атрымання «канкрэтных эканамічных дывідэндаў».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў