Макей vs Лінкявічус. Палеміка кіраўнікоў МЗС Беларусі і Літвы ў Бруселі


Ёсць адна дзяржава, якая спрабуе заблакаваць дамоўленасці Беларусі з Аб’яднанай Еўропай. Якая? Чыя праўда ў спрэчцы пра беларускую АЭС, Менску ці Вільні? На фоне адзначэння 10-х угодкаў «Усходняга партнёрства» завязалася гарачая спрэчка. Завочная палеміка беларускага і літоўскага міністраў замежных справаў – у рэпартажы Сяргея Пелясы з Бруселю, дзе прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя праграме Еўрапейскага Звязу для шасці постсавецкіх дзяржаваў.

Беларусь – аўтсайдарка сярод шасці ўдзельніц праграмы «Усходняе партнёрства». Аднак яшчэ сёлета нашая дзяржава можа падпісаць Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму. Калі яно набудзе моц, беларусам стане лягчэй падарожнічаць на Захад. Другі дакумент – Прыярытэты партнёрства – заблакаваны з прычыны цвёрдай пазіцыі Літвы ў справе Беларускай атамнай электрастанцыі. І нарэшце трэцяе пагадненне, самае важнае, базавае, якое будзе рэгуляваць агулам адносіны Беларусі і Еўразвязу, таксама стаіць на месцы.

Гэтыя тэмы дамінавалі на святкаванні 10-х угодкаў «Усходняга партнёрства» – праграмы, якая набліжае Арменію, Азербайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Украіну да Аб’яднанай Еўропы. Развязанне першай справы – усё бліжэйшае.

Каментуе Ёганэс Ган, камісар еўрапейскай палітыкі суседства і перамоваў аб пашырэнні:

«Я мяркую, што гэтыя перамовы скончаныя, і мы шукаем спосаб і дату, пачаць падпісанне».

На наступны дзень, адказваючы на пытанні журналістаў у Бруселі, міністр замежных справаў Беларусі пацвердзіў.

Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Рэспублікі Беларусь:

«Праца над гэтымі пагадненнямі практычна завершаная. Для таго, каб прыступіць да фінальнай стадыі падпісання гэтых пагадненняў, павінна быць пройдзеная адпаведная працэдура тут, унутры Еўрапейскага Звязу, і ў нас, унутры краіны».

Беларускі міністр дадаў, што Менск зможа скончыць гэтую працу ў бліжэйшы час. А пачаўся працэс, дзякуючы Літве, яшчэ ў 2013 годзе.

«Напрыклад, я скажу, што падчас нашага старшынёўства ў Еўразвязе шэсць гадоў назад мы рушылі з мёртвага пункту перамоваў аб спрашчэнні візавага рэжыму», кажа Лінас Лінкявічус, міністр замежных справаў Літоўскай Рэспублікі

Паводле Уладзіміра Макея, Беларусь паспее падпісаць Дамову аб спрашчэнні візавага рэжыму да таго, як візы падаражэюць з € 60 да 80. Калі так адбудзецца, то кошт візы будзе складаць € 35. З другой актуальнаю дамовай, Пагадненнем аб прыярытэтах партнёрства паміж Беларуссю і Еўразвязам, усё значна складаней.

«Мы хочам, напрыклад, рухацца больш у напрамку ЕЗ у некаторых пытаннях. Але нам не дазваляюць зрабіць абставіны, звязаныя з пазіцыяй адной краіны. Адна краіна робіць закладнікам увесь Еўрапейскі Звяз», – кажа Уладзімір Макей.

Міністр не называе краіну, але ён мае на ўвазе пазіцыю Літвы, якая выступае супраць Беларускай атамнай электрастанцыі побач са сваёй сталіцай.

«Гэтай станцыі не павінна быць. Мы адчуваем, што гэта, відаць, не мэта Беларусі. Мы бачым у гэтым геапалітычны праект іншай дзяржавы: каб нас трымаць бліжэй да гэтага кальца электрычнага, аператар якога размяшчаецца ў Расеі», – упэўнены Лінас Лінкявічус.

Выходзіць, што «адна краіна», якая блакуе пагадненне Беларусі з Еўразвязам, не Літва, а… Расея, якая ад пачатку вельмі крытычна ставілася да праграмы «Усходняе партнёрства». А менавіта Літва была лакаматывам супрацы Беларусі з Еўразвязам.

«Мы былі аднымі з тых, хто выступаў за тое, каб зняць санкцыі з Беларусі з прычыны палітычных вязняў, якіх выпусцілі», – заяўляе Лінкявічус.

Большасць санкцыяў Еўразвяз скасаваў у 2016 годзе. У чорным спісе засталіся толькі чатыры асобы, якія могуць быць датычныя да знікненняў апанентаў рэжыму Лукашэнкі 20 год назад. Сярод іх Віктар Шэйман. Таксама дзейнічае еўразвязаўскае эмбарга – забарона продажу зброі і тэхнічных сродкаў, якія ў Беларусі могуць выкарыстаць у рэпрэсіях супраць грамадства.

«Мы лічым, што гэта дрэнна, калі мы не можам падпісаць вось гэтае Пагадненне аб прыярытэтах партнёрства праз пазіцыю адной краіны. Прычым абсалютна штучна надуманую пазіцыю. Але мы спакойна глядзім на гэтую сітуацыю і маем намер і далей працягваць дыялог. Тым больш што нашае сумленне – чыстае. Што датычыць будаўніцтва АЭС у Беларусі, мы абсалютна транспарэнтныя», – упэўнены Уладзімір Макей.

З Вільні да Астравецкай АЭС бліжэй, чым з Менску. І нашым літоўскім суседзям добра бачна, што там адбываецца. Нягледзячы на гэта, Уладзімір Макей спрабуе пераканаць Вільню, што на БелАЭС усё адпавядае міжнародным нормам.

«Мы працуем адкрыта з Магатэ, мы запрашалі шэраг місіяў і будзем запрашаць шэраг місіяў з гэтай арганізацыі. Мы добраахвотна правялі стрэс-тэсты, якія прапанавала правесці Еўрапейская камісія, а па выніках аналізу гэтага стрэс-тэсту мы распрацавалі нацыянальны план запэўнівання большай бяспекі атамнай станцыі», – заявіўміністр замежных справаў Рэспублікі Беларусь.

Аднак паводле кіраўніка літоўскай дыпламатыі, Магатэ – гэта арганізацыя, якая не займаецца кантролем. Эксперты Магатэ не прыязджаюць інспектаваць. Яны прыязджаюць, калі іх запрашаюць. Ім паказваюць тое, што паказваюць, і эксперты робяць высновы.

Лінас Лінкявічус запэўнівае:

«Была скіраваная група, якая была павінна ацаніць дызайн. Я падкрэсліваю: дызайн. І высновы былі пазітыўныя, паколькі іх запрасілі, паказалі. Паколькі ў самога Магатэ няма ініцыятывы».

Прагучалі высновы, што станцыю будуюць паводле нормаў і стандартаў. Літва тады заўважыла, што Магатэ ацаніла толькі адзін аспект – дызайн.

«Ёсць яшчэ пяць сегментаў, якіх ніхто не ацэньваў. І самы важны, камітэт Эспаа, які акурат займаецца стандартам бяспекі, звярнуў увагу на тое, што памылкова ці не ў адпаведнасці з правіламі выбралі пляцоўку для будаўніцтва», – кажа літоўскі міністр.

Паводле Вільні, не было параўнаўчага аналізу, ужо не кажучы пра кансультацыі з суседзямі. Таму, паводле міністра Лінаса Лінкявічуса, не выпадае спасылацца на Магатэ:

«Я не хачу закліноўвацца ў гэтым. Я цяпер не кажу пра нейкае блакаванне ці неблакаванне. Я проста жадаю, каб крыху мяняўся падыход. У гэтым корань. Калі нават няма разумення, то вельмі цяжка дамовіцца. Можна крыўдзіцца ці кагосьці вінаваціць, але паверце, тут няма магчымасці адступіць».

Літва лічыць, што праект БелАЭС – расейскі і пагражае бяспецы краіны. Словы пра Расею прагучалі і ў адказе міністра замежных справаў Украіны на пытанне журналіста БелаПАНу пра беларуска-ўкраінскія адносіны пры новым украінскім прэзідэнту.

Паўло Клімкін, міністр замежных справаў Украіны:

«Я лічу, што Беларусь для нас – фундаментальна важная як сусед. Як краіна, дзе не павінна з’явіцца больш Расеі».

Кіраўнік украінскай дыпламатыі таксама пракаментаваў інфармацыю пра тое, што былога амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча могуць прызначыць куратарам у справе Данбасу:

«Вы ведаеце, што калісьці прэзідэнт Расеі намагаўся навязаць яго нам як амбасадара. Мы гэта адбілі. У мяне ёсць больш інфармацыі, чым магу сказаць. Але нягледзячы на гэта я лічу, што мы гатовыя да любога персанальнага развіцця падзеяў. Урэшце ў Крамлі ўсе рашэнні прымае толькі адзін чалавек. Так што нават калі нешта мяняецца на ўзроўні выканаўцаў, то палітыка не зменіцца».

Адстаўку Міхаіла Бабіча з пасады прадстаўніка Расеі ў Беларусі пракаментаваў і Уладзімір Макей:

«У нас няма прэтэнзіяў да працы расейскага амбасадара па змесце. Магчыма, крыху па форме не заўсёды і не зусім дыпламатычнымі былі некаторыя дзеянні. Нам камфортна працавалася з амбасадарам Расеі, і тое, што прынялі рашэнне адклікаць, я лічу, што гэта ўнутранае рашэнне нашых сяброў».

Менавіта дзякуючы гэтым сябрам з Масквы Беларусь заканчвае будаўніцтва атамнай электрастанцыі, якая ўскладняе дачыненні не толькі з Літвой, але і з Аб’яднанай Еўропай.

Лінас Лінкявічус упэўнены:

«У гэтай галіне, што датычыць станцыі, мы сапраўды, на жаль, не можам дамовіцца, і гэта не стварае добрай атмасферы для агульных дамоўленасцяў».

«Спадзяемся, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у суседняй краіне пазіцыя, магчыма, зменіцца ў накірунку большага канструктывізму», – кажа Уладзімір Макей.

Шанцы, што так адбудзецца, мінімальныя. А значыць, выхаду з патавай сітуацыі ў найбліжэйшай перспектыве не бачна.

Вялікага прагрэсу ў дачыненнях паміж Менскам і Бруселем няма. Прынамсі калі параўнаць Беларусь з іншымі ўдзельнікамі праграмы «Усходняе партнёрства». Беларусь не ставіць сабе за мэту далучэнне да Еўрапейскага Звязу. А нас, беларусаў, ніхто і не пытае, ці мы хочам у Аб’яднаную Еўропу. Аднак нягледзячы на ўсе складанасці кожны дзень удзелу Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства» набліжае вяртанне нашае краіны ў сям’ю свабодных дэмакратычных еўрапейскіх народаў.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 17.05.2019

 

Стужка навінаў