Макей распавёў, якія задачы стаяць перад МЗС у 2019 годзе


Далейшае павышэнне ролі Беларусі ў рэгіянальнай і сусветнай палітыцы застаецца галоўнай палітычнай задачай Міністэрства замежных спраў, заявіў Уладзімір Макей сёння на пашыраным пасяджэнні калегіі МЗС.

На паседжанні падводзяцца вынікі працы за мінулы год і вызначаюцца задачы на будучыню з акцэнтам на знешнеэканамічны складнік. У ім бяруць удзел кіраўніцтва ведамства, паслы Беларусі, прадстаўнікі ўрада і шэрагу міністэрстваў.

Макей адзначыў, што для Беларусі 2018 год быў адначасова напружаным і выніковым, піша БелТА. Паводле яго слоў, у няпростых знешніх умовах краіна вытрымала курс на забеспячэнне суверэнітэту, правядзенне незалежнай збалансаванай і шматвектарнай палітыкі, развіццё інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы, дыверсіфікацыю знешняга гандлю, умацаванне бяспекі ў рэгіянальным і глабальным маштабах.

«Далейшае павышэнне ролі Беларусі ў рэгіянальнай і сусветнай палітыцы застаецца нашай галоўнай палітычнай задачай на перспектыву», – падкрэсліў міністр.

Ён таксама звярнуў увагу на беларускую ініцыятыву аб арганізацыі новага шырокага дыялогу, аналагічнага Хельсінскага працэсу.

«У 2019 годзе нам неабходна нарошчваць крытычную масу прыхільнікаў гэтай ідэі, настойліва лабіяваць палітычныя эліты, грамадскія структуры, экспертныя супольнасці», – сказаў Макей.

Як перадае TUT.BY, падчас закрытай часткі паседжання ў МЗС заслухаюць даклады амбасадараў у Расеі, Кітаі і Турэччыне.

«Чаму менавіта гэтыя краіны? Таму што менавіта з гэтымі краінамі ў Беларусі самае вялікае адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу. І мы павінны пачуць меркаванні нашых паслоў, як выправіць гэтую сітуацыю», – заявіў Макей.

У цэлым 2018 год, паводле міністра, быў для МЗС напружаным, але і выніковым. Экспарт тавараў вырас у параўнанні з 2017 годам на 15,3% і дасягнуў 33,7 млрд долараў. Па выніках 2018 года прырост экспарту забяспечылі 42 замежныя ўстановы (амбасады і консульствы), «дапусцілі падзенне» – 15.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў