Міністр замежных справаў Беларусі лічыць арганізатарам «украінскага сцэнару» Расею, але ўскладвае адказнасць і на Кіеў.
У размове з тэлеканалам Euronews Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь намагаецца падтрымліваць добрыя адносіны і з Еўразвязам, і з Расеяй.
«Мы знаходзімся паміж двума буйнымі геапалітычнымі гульцамі: з аднаго боку – Расея, з другога – Еўрапейскі звяз. На сённяшні момант мы апынуліся паміж двух «вялікіх агнёў», якія знаходзяцца, скажам так, у стане варожасці. Мы пакутуем ад гэтага, бо беларуская эканоміка арыентаваная на экспарт», – заявіў Уладзімір Макей.
Уладзімір Макей ацэньвае сённяшнія беларуска-расейскія дачыненні як «добрыя», і не верыць, што плаўнае збліжэнне з Захадам выкліча якія-небудзь праблемы ў стасунках з Масквой.
«Не думаю, што Расея хацела б арганізаваць у Беларусі нешта падобнае на «украінскі сцэнар», што яны захочуць так паступіць. Гэта не ў іх інтарэсах. Мне ўяўляецца абсурдным нават абмеркаванне гэтых гіпатэтычных рэчаў», – сказаў Макей.
Тым не меней, адказнасць за расейскія дзеянні ўва Украіне кіраўнік беларускага МЗС ускладвае таксама на Кіеў.
«Украінскія ўлады нарабілі шмат памылак у мінулым, у выніку якіх там склалася такая сітуацыя. Мы не баімся рэалізацыі «ўкраінскага сцэнару» ў Беларусі. Мы трошкі адрозніваемся ад украінцаў і ніколі не дапусцім той сітуацыі, якая мела месца ўва Украіне», – сцвярджае Макей.
У 2014-м, падчас кіеўскага Еўрамайдану, Расея з дапамогаю спецназу анексавала Крым. На паўвостраве правялі рэферэндум аб статусе Крыму, у выніку чаго была абвешчаная незалежная Рэспубліка Крым, якая падпісала з Масквой дамову аб уваходзе ў склад Расеі.
У красавіку 2014 года на ўсходзе Украіны з’явіліся ўзброеныя паўстанцы, якія ваююць на баку самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Паводле Кіеву і міжнароднай супольнасці, у канфлікце бярэ ўдзел Расея. Расея зняпраўджвае гэтыя абвінавачванні.
Беларусь не лічыць крымскі рэферэндум незаконным, і сыходзіць з таго, чый цяпер Крым дэ-факта.
«Але гэта не значыць не значыць, што мы з чымсьці згодныя або нязгодныя. Крым – не дзяржава, якую трэба прызнаваць. Галоўная задача – захаваць тэрытарыяльна цэласнай рэшту Украіны», – казаў Макей два гады таму ў Маскве.
Паводле яго, менавіта таму Беларусь прапанавала менскую пляцоўку для перамоваў.
ДД