Макей папрасіў зняць санкцыі з Беларусі


Міністр замежных справаў Беларусі на сустрэчы з амбасадарамі па асобых даручэннях краінаў – чальцоў ЕЗ па справах «Усходняга партнёрства» заявіў, што абмежавальныя захады ў дачыненні да Беларусі ўжо даўно страцілі якое-небудзь рацыянальнае тлумачэнне.

«Мы шкадуем, што ў лютым Еўразвяз працягнуў абмежавальныя захады ў дачыненні Беларусі, якія ўжо даўно страцілі якое-небудзь рацыянальнае тлумачэнне. У сувязі з гэтым мы працягваем заклікаць Еўразвяз зняць астатнія абмежавальныя захады», – сказаў міністр.

Макей падкрэсліў, што пазітыўная супраца за апошнія некалькі гадоў прынесла значна больш станоўчых вынікаў, чым папярэднія два дзесяцігоддзі санкцый.

У лютым ЕЗ працягнуў зброевае эмбарга супраць Беларусі і санкцыі ў дачыненні да чатырох чалавек, якіх Брусель падазрае ў датычнасці да гучных знікненняў 1999-2000 гадоў.

Абмежавальныя захады з боку ЕЗ у адносінах да Беларусі ўпершыню ўвялі ў 2004 годзе ў сувязі са знікненнямі чатырох асобаў – апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі ды Віктара Ганчара, бізнесоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. Тады пад персанальныя санкцыі трапілі былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, былы кіраўнік Адміністрацыі кіраўніка краіны Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў, які займаў у перыяд знікнення палітыкаў пасаду кіраўніка МУС, і камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка.

У 2016 годзе амаль усе санкцыі былі знятыя (санкцыі ў адносінах да Навумава, Шэймана, Сівакова і Паўлічэнкі дзейнічаюць дагэтуль).

У 2011 годзе Еўразвяз увёў эмбарга на пастаўку зброі ў Беларусь.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў