Макей назваў беларускую мову істотным падмуркам беларускай дзяржаўнасці і распавёў, што цяпер чытае


Міністр замежных справаў Уладзімір Макей, выступаючы 21 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы і 25-годдзя Канстытуцыі Беларусі, адзначыў «невымернае значэнне беларускай мовы», піша belta.by.

«Наша мова шчыра характарызуе нас як сталую нацыю са сваім светапоглядам і менталітэтам, адлюстроўвае досвед, каштоўнасці, традыцыі беларускага народа. Яна з’яўляецца важнай прыметай этнічнай самасвядомасці беларусаў і істотным падмуркам дзяржаўнасці», – падкрэсліў міністр.

Фота – mfa.gov.by

«І сапраўды, родная мова – гэта школа атрымання павагі да сябе, да сваёй гісторыі і культуры, а таксама, перш за ўсё, да іншых людзей і іхных адметнасцяў, – дадаў міністр. – Моўная разнастайнасць зʼяўляецца нашым самым вялікім шанцам для пабудовы стабільнага будучага».

Hавiны
У Віцебскім універсітэце фонд «Русскій мір» арганізаваў святкаванне Дня роднай мовы – расейскай мовы
2019.02.21 16:27

У каментары euroradio.fm кіраўнік МЗС Беларусі распавёў, што цяпер чытае беларускамоўную версію трылогіі Сяргея Пясецкага («Яблычак», «Гляну я ў аконца..», «Ніхто дабром не дасць збаўлення..»). Першую частку трылогіі пераклаў з польскай мовы вядоўца праграмы «Вяскоўцы» на «Белсаце» Віктар Шукеловіч.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, члены Нацыянальнай камісіі ў справах ЮНЕСКА.

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Тэматычныя імпрэзы пройдуць у гэты дзень па ўсёй краіне.

ВІДЭА
Святочны канцэрт да Дня роднай мовы
2019.02.19 18:27

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў