Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей лічыць, што размяшчэнне расейскай вайсковай базы ў нашай краіне не мае палітычнага ці вайсковага сэнсу. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю РБК.
«З улікам развіцця сучасных тэхналогіяў у гэтым няма сэнсу. Навошта размяшчаць на тэрыторыі Беларусі вайскова-паветраную базу, пра што і вялося, калі сёння ракеты могуць літаральна за лічаныя хвіліны дасягнуць іншага кантынента, зваротнага боку нашай планеты. Калі б Беларусь размясціла на сваёй тэрыторыі нейкія дадатковыя вайсковыя абʼекты, я не думаю, што гэта спрыяла б умацаванню стабільнасці, бяспекі ў нашым рэгіёне», – распавёў Уладзімір Макей.
На пытанне, ці не звязана рашэнне Менску з пазіцыяй еўрапейскіх суседзяў, Макей адказаў адмоўна.
«Ніколі ў Беларусі не будзе прымаць прынцыповае рашэнне пад уплывам нейкіх вонкавых сіл», – адзначыў кіраўнік МЗС Беларусі.
На зʼяўленні расейскай вайсковай базы ў Беларусі Крэмль пачаў настойваць яшчэ напрыканцы 2012 году. Тэма досыць часта ўздымалася падчас перамоваў кіраўнікоў краінаў. Меркавалася, што ў нашай краіне зʼявіцца авіябаза. Але пазней Аляксандр Лукашэнка катэгарычна адзначыў, што неабходнасці ў расейскай вайсковай базе ў нашай краіне няма.
СК belsat.eu