Макей: Беларусі прапанавалі старшынства ва ўплывовых міжнародных арганізацыях


Беларусі прапанавалі старшынства ў некаторых важных міжнародных арганізацыях. Пра гэта 31 снежня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Макей адзначыў, што ў 2017 годзе Беларусь старшынствавала ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве, і партнёры ацанілі працу Беларусі як вельмі паспяховую.

«Нам прапанавалі падумаць аб старшынстве ў некаторых іншых, больш уплывовых арганізацыях. Я пакуль яшчэ не хацеў бы гаварыць пра гэта, але мы цяпер як раз разважаем, узважваем усе за і супраць. Думаю, рашэнне будзе прынята на больш познім этапе», – сказаў міністр.

Паводле словаў Макея, успрыняцце Беларусі і падыходы па развіцці супрацоўніцтва з ёй змяніліся на Захадзе ў станоўчы бок.

«Правядзенне 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Беларусі, наша старшынства ў Цэнтральна- Еўрапейскай ініцыятыве, правядзенне тут юбілейнага саміту АДКБ – усё гэта сведчанне таго, што на Беларусь пачалі глядзець па-іншаму ў свеце, і гэта цешыць. Гэта яшчэ толькі пачатак », – заявіў міністр.

Кажучы пра прыярытэты замежнай палітыкі краіны на 2018 год, Макей сказаў, што Беларусь працягне развіваць узаемадзеянне з традыцыйнымі партнёрамі, асаблівая ўвага будзе нададзена адносінам з Кітаем, ЕЗ і ЗША, краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Лацінскай Амерыкі. Акрамя таго, дыпламаты маюць намер больш актыўна папрацаваць з некаторымі афрыканскімі дзяржавамі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў