Майніць будуць сябры Лукашэнкі: эканамісты каментуюць ідэю здабываць біткойны з БелАЭС


Аляксандр Лукашэнка прапанаваў выкарыстоўваць БелАЭС для здабыцця біткойнаў. Карэспандэнты «Белсату» разбіраліся, наколькі гэта апраўданая прапанова.

Падчас наведвання 5 студзеня «Гарызонту» Аляксандр Лукашэнка станоўча выказаўся пра майнінг у Беларусі ў сувязі з запускам БелАЭС.

«Вось казалі, ведаеце, хочам пабудаваць фермы і майнінг развіваць – біткойны, але трэба каб танная была электраэнергія. Але пры 6 тыс. [долараў. – Belsat.eu] – цана за біткойн – кепска было. Але цяпер жа 33 тыс., праўда, за апошнія суткі там на 10 % упала, але ўсё роўна больш за 30 тыс. Гэтак пры любой электраэнергіі можна будаваць гэтыя фермы, як яны іх называюць, і кляпаць гэтую валюту. Так што гэтае пытанне ўжо вырашанае, і электрычнасці – быць», – сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка на «Гарызонце».
Фота: president.gov.by

«Трэнд не на карысць майнераў»

Старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Віктар Аршаўскі ў каментары «Белсату» прапанаваў разглядаць майнінг крыптавалюты з дапамогай БелАЭС як «арыгінальны спосаб «продажу» выпрацаванай электраэнергіі».

«Улічваючы тое, што яе ніхто з развітых краінаў купляць цяпер не будзе, у гэтым, несумненна, сэнс ёсць», – падкрэсліў ён.

Разам з тым, паводле эканаміста, на гэты момант даход ад майнінгу вагаецца каля кошту электрычнасці.

«Але гэта няспынна мяняецца, прычым трэнд не на карысць майнераў. Нават улічваючы тое, што біткойн цяпер даражэе (а ў будучыні ён можа як расці, гэтак і падаць), кошт майнінгу адной адзінкі крыптавалюты будзе пастаянна павялічвацца», – адзначыў Віктар Аршаўскі.

Абноўлена
Лукашэнка назваў «Гарызонт» альтэрнатывай ПВТ. Цапкала: Гэта звычайная адвёртачная зборка
2021.01.05 15:43

Эксперт падкрэсліў, што невялікі эфект ад майнінгу біткойнаў з дапамогай БелАЭС «магчымы толькі ў кароткатэрміновай перспектыве».

Справа для хлопцаў ад улады

Эканаміст, вядоўца крыптамерапрыемстваў Яўген Раманенка таксама звязаў прапанаваную Лукашэнкам ідэю з праблемаю ўтылізацыі вялікай колькасці электраэнергіі, якая з’явіцца пасля паўнавартаснага запуску БелАЭС.

«Балтыйскія краіны адмовіліся яе купляць. Але падзець яе некуды трэба. І такая колькасць электраэнергіі прываблівае ўвагу майнінгавай галіны. Таму ў гэтым сэнсе ён [Лукашэнка. – Belsat.eu] сказаў правільную рэч», – адзначыў эксперт.

Разам з тым, паводле яго, перашкодзіць такім задумкам могуць краінавыя рызыкі Беларусі для інвеставання мільёнаў долараў у абсталяванне, будаўніцтва майнінгавых фермаў. Як падкрэсліў Яўген Раманенка, Беларусь застаецца «спецыфічнай тэрыторыяй для інвестыцыяў».

Гуцэрыеў і Лукашэнка.
Фота: presdeint.gov.by

Ён дадаў, што майнеры з’яўляюцца паўсюль у свеце, дзе ёсць танная электраэнергія. Спрыяе гэтаму і высокая цана біткойну. Таму, заявіў эканаміст, «тыя майнеры, якія гэтыя рызыкі разумеюць і гатовыя іх прымаць, яны, вядомы, майніць будуць».

«Калі вы з уладаю сябруеце і маеце гарантаванае страхаванне, што ўлада на вас не наедзе і рэйдарскім чынам не адцісне, то вы будзеце гэта рабіць», – мяркуе эксперт.

Іншыя майнеры, на ягоную думку, будуць глядзець на Беларусь прыкладна як на Афрыку.

«Мала каму ў цвярозым розуме і цвёрдай памяці прыйдзе ў галаву спрабаваць ехаць і будаваць фермы. Хоць асобныя гарачыя галовы знойдуцца – магчыма, укладуцца, абпаляцца. А хлопцы, набліжаныя да ўладаў, перадусім структуры Гуцэрыева [расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева. – Belsat.eu] і каля яго, груба кажучы, сам Лукашэнка, майніць будуць», – дадаў Яўген Раманенка.

У такім разе, мяркуе эксперт, спосаб арганізацыі майнінгавай дзейнасці «не будзе адрознівацца ад, напрыклад, будаўніцтва гандлёвых цэнтраў з дапамогай сербска-арабскіх сяброў».

Даведка

  • Біткойн – гэта дэцэнтралізаваная плацежная валютная сістэма, створаная ў 2009 годзе.
  • Біткойны могуць выкарыстоўвацца для абмену на тавары ці паслугі ў прадаўцоў, якія згодныя іх прымаць. Абмен на звычайныя валюты адбываецца праз онлайн-сэрвісы абмену лічбавых валютаў, іншыя аплатныя сістэмы, абменныя пункты або непасрэдна паміж зацікаўленымі бакамі.
  • Выпуск новых біткойнаў дэцэнтралізаваны, не залежыць ад якога-небудзь органа рэгулявання, аб’ём эмісіі вядомы загадзя.
  • Дзейнасць для стварэння новых блокаў дзеля магчымасці атрымаць узнагароду ў форме эмітаваных біткойнаў і камісійных збораў атрымала назву «майнінг».
  • Паводле стану на 13 студзеня 2021 года, 1 біткойн каштуе каля 34–35 тыс. долараў. З сакавіка 2020 года назіраецца ўстойлівы рост курсу біткойна. Эксперты звязваюць гэта сярод іншага з інвестыцыямі ў крыптавалюту буйных інвестараў, напрыклад, Paypal.
Дынаміка курсу біткойна. Крыніца: Google.com

МГ belsat.eu

Стужка навінаў