Майдан у Малдове. Каля 10 тыс. чалавек пратэстуюць у Кішынёве


У цэнтры Кішынёва на плошчы Кафедральнага сабору прыхільнікі грамадзянскай платформы «Годнасць і справядлівасць» заклікалі грамадзянаў падтрымаць іхныя патрабаванні да ўладаў аб вяртанні ў Малдову «скрадзеных» з трох банкаў у канцы 2014 года грошай – больш за $ 1 млрд.

Як перадаў карэспандэнт «Інтэрфаксу» з месца падзеяў, некалькі тысяч пратэстоўцаў патрабуюць расследавання гэтак буйнага вываду грошай. Яны заклікаюць да адстаўкі Генеральнага пракурора, дырэктара Нацыянальнага цэнтру па барацьбе з карупцыяй, дырэктара Мытнай службы, кіраўнікоў Вышэйшай судовай палаты, Апеляцыйнай палаты Кішынёва, Савету па абароне канкурэнцыі.

Як паведаміла «Інтэрфаксу» сустаршыня грамадзянскай платформы «Годнасць і справядлівасць» Анжэла Арамэ, гэтая палітычная сіла настойвае на неадкладным рэфармаванні гэтых устаноў дзяржавы.

«Без адстаўкі кіраўнікоў дадзеных структур і рэальных рэформаў грамадства не даведаецца, хто вінаваты ў крадзяжы грошай з банкаў, ліквіднасць якіх у цяперашні час падтрымліваецца Нацыянальным банкам, які атрымаў дазвол ад ураду на выдачу гэтым фінансавым установам ужо больш за 14 млрд леяў ($ 777 млн)», – сказала спадарыня Арамэ.

Сярод патрабаванняў пратэстоўцаў – рэальная свабода выказвання і свабода прэсы.

«Мы патрабуем ад ураду перастаць атакаваць непажаданыя ўладам свабодныя медыі», – адзначыла спадарыня Арамэ.

Іншы сустаршыня платформы «Годнасць і справядлівасць» Валянцін Далганюк сказаў «Інтэрфаксу», што «цяперашняя ўлада ў Малдове разам з «цывілізаванай апазіцыяй» працягвае рабаваць народ, ігнаруючы яго законныя патрабаванні».

Паводле звестак паліцыянтаў, на акцыі пратэсту прысутнічаюць каля 10 тыс. чалавек. Кіраўніцтва платформы «Годнасць і справядлівасць» атрымала адмову ўладаў мэрыі Кішынёва на шэсце маніфестантаў у цэнтры гораду.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў