«Майбахі, гатэлі і ўсё такое». Як Андрэй Уцюрын сышоўся з расейскімі бізнесоўцамі


У судзе па справе Андрэя Уцюрына 20 сакавіка быў дапытаны расейскі бізнесовец Віталь Гарбачоў. Менавіта ён перадаў Уцюрыну хабар у памеры $ 183 тысяч. Прычым гэта была толькі частка адкату: агулам Уцюрыну абяцалі $ 400 тысяч.

Як высветлілася на судовым паседжанні, камерсант з Расеі Віталь Гарбачоў пазнаёміўся з Андрэем Уцюрыным яшчэ ў 1988 годзе. Тады яны разам паступілі ў Саратаўскае вайсковае вучылішча, якое скончылі ў 1992-м. Пасля гэтага шляхі Гарбачова і Уцюрына надоўга разышліся. Зноў яны сустрэліся ў 2008 годзе, калі Гарбачоў разам з яшчэ адным саслужыўцам па Саратаву былі ў Менску праездам. У Гарбачова і Уцюрына адбылася невялікая сяброўская размова і потым яны яшчэ амаль 5 гадоў не падтрымлівалі ніякіх стасункаў.

Каб Уцюрын напалохаў

У тыя часы ў Гарбачова быў партнёр па бізнесу – Анатоль Малін. Малін меў шэраг праектаў у Беларусі і ў 2012-2013 годзе пачаў скардзіцца на праблемы. Тады Гарбачоў распавёў Маліну, што ў яго «ёсць таварыш у Беларусі і да яго можна звярнуцца».

«Я ведаў, што Андрэй заўсёды па маёй просьбе можа пазваніць таму ці іншаму камерсанту або чыноўніку і сказаць: «Будзь добры, разбярыся ў сітуацыі». Пакрыўдзіць Маліна проста так не атрымалася б», – распавёў на судзе Гарбачоў.

Ігар Шуневіч і Андрэй Уцюрын праводзяць нараду па барацьбе з наркотыкамі, 2018 год.
Фота: mvd.gov.by

Пазней Гарбачоў з Маліным пасварыліся праз грашовыя пытанні. Гарбачоў на судзе характарызаваў Маліна як «прафесійнага махляра». Але Уцюрын добра паставіўся да Маліна і сімпатызаваў яму. Гарбачоў тлумачыць гэта тым, што Уцюрын «неспрактыкаваная асоба ў чалавечых стасунках».

«Пасля знаёмства з Маліным мы з Уцюрыным нават ні разу не сазваніліся. Я разумеў, што з’явіўся чалавек, у якім Уцюрын зацікаўлены», – заявіў Гарбачоў.

Малін у сваю чаргу імкнуўся старыць добрае ўражанне пра сябе і, мяркуючы па ўсім, пускаў Уцюрыну пыл у вочы. Калі намеснік дзяржсакратара Савету Бяспекі прыехаў у Маскву, то Малін, імаверна, арганізаваў яму шыкоўны прыём. «Малін любіў такія сустрэчы. Майбахі, гатэлі і ўсё такое», – распавядае Гарбачоў. Ён адзначыў: яму невядома, якія інтарэсы аб’ядноўвалі Маліна і Уцюрына, але сам Малін казаў, што гэта было нешта ў «сусветных маштабах».

Пасля разрыву з Маліным Гарбачоў пачаў працаваць з Уладзімірам Казанцавым. Цяпер ужо яму Гарбачоў рэкамендаваў свайго таварыша Уцюрына.

«Мы прыходзім працаваць на чужую паляну і нам тут ніхто не рады. Заўсёды ёсць магчымасць устаўляць палкі ў колы. Я ведаў пра што можна папрасіць Уцюрына: толькі пра тое, каб ён напалохаў», – тлумачыць Гарбачоў сваю зацікаўленасць у дапамозе Уцюрына.

Hавiны
«Сказаў, што званілі з самай гары». Як Андрэй Уцюрын ціснуў на міністра сувязі?
2020.03.19 11:54

«Я разумеў, што мушу зрабіць нейкае алаверды Уцюрыну»

Андрэй Уцюрын.
Фота: mvd.gov.by

Асабіста Гарбачоў і Уцюрын зблізіліся ў канцы 2015 года, калі намеснік дзяржсакратара Савету Бяспекі прыехаў у Маскву разам з жонкай. Яны сустрэліся ў кавярні ў маскоўскім ГУМе. Тады ў Гарбачова былі вялікія праблемы з бізнесам і ён настойліва шукаў выхады з сітуацыі. Гарбачоў распавёў пра свае праблемы Уцюрыну – імаверна, даволі эмацыйна, бо сам ён на судзе назваў свае паводзіны «не зусім адэкватнымі». Але Уцюрын вырашыў дапамагчы сябру.

«Праз нейкі час Уцюрын мне званіць і кажа: Віталь, цябе могуць выклікаць да чалавека, пра якога ты мне распавядаў. Сапраўды, праз пэўны час я атрымліваю званок і трапляю да тых людзей, з якімі мне патрэбна было сустрэцца, каб патлумачыць сітуацыю, у якую я трапіў. З таго часу пачалося рашэнне маіх праблемаў», – кажа Гарбачоў.

З кім Уцюрын дапамог сустрэцца Гарбачову ў судзе не тлумачылася. Можна меркаваць, што гаворка ідзе пра нейкага высокапастаўленага расейскага сілавіка або чыноўніка.

Гарбачоў прызнаецца: пасля таго, як Уцюрын яму дапамог ён хацеў нейкім чынам аддзячыць яму.

«Я разумеў, што мушу зрабіць нейкае алаверды Уцюрыну», – адзначыў ён.

У пачатку 2018-га Казанцаў разам з Гарбачовым вырашылі пры дапамозе Уцюрына дамагчыся заключэння кантракту з РУП «Белтэлекам» на пастаўку абсталявання для інтэрактыўнага тэлебачання. У выпадку перамогі маскоўскай кампаніі «СмартЛабс» субпадрадчыкамі па кантракце павінны былі стаць кампаніі, падкантрольныя Гарбачову і Казанцаву. Уцюрын са свайго боку мусіў праз генеральнага дырэктара «Белтэлекаму» Сяргея Сівадзедава забяспечыць патрэбныя расейцам вынікі конкурсу.

Hавiны
«Нам даводзілася, што гэта ледзь не кампанія самога прэзідэнта». Новыя факты пра справу Уцюрына
2020.03.19 18:25

На судзе Гарбачоў сцвярджаў, што Уцюрын дапамог бы яму і бясплатна. Але ў гэтым фармаце супрацы бізнесовец убачыў удалую магчымасць аддзячыць Уцюрыну за ягоную дапамогу ў Маскве. Агульная сума кантракту «Белтэлекама», што быў заключаны ў ліпені 2018 года, склала $ 1,2 млн. Паводле дамоўленасці бізнесоўцаў, 32 % мусіла адысці субпадрадным арганізацыям Казанцава, 68 % – арганізацыям Гарбачова. Палову сваёй долі за вылікам выдаткаў на шэрую «абналічку» Гарбачоў планаваў аддаць Уцюрыну.

Гарбачоў прызнаецца, што не ведаў, як прапанаваць грошы былому начальніку Службы бяспекі прэзідэнта, яму было няёмка. Аднак потым ён даведаўся, што падчас сустрэчы з Казанцавым Уцюрын сам пацікавіўся, ці будзе з гэтага праекту яму «нейкая ўдзячнасць». Пасля гэтага Гарбачоў зразумеў, што можа без праблемаў разлічыцца з Уцюрыным. «Няхай лічыць, што гэтую суму зарабіў», – тлумачыць бізнесовец.

Hавiны
«Уцюрын ацэньваў, колькі зможа зарабіць». Працяг суду над экс-кіраўніком Службы бяспекі прэзідэнта
2020.03.20 13:51

Яшчэ да таго, як Гарбачоў перадаў хабар Уцюрыну, у канцы 2018 года яны сустрэліся ў Маскве. Падчас размовы намеснік дзяржаўнага сакратара Савету Бяспекі папрасіў расейскага бізнесоўца аб паслугі: напісаць распіску аб тым, што ён, Гарбачоў, нібыта пазычыў Уцюрыну $ 150 тысяч. Фальшывая распіска Уцюрыну была патрэбная, каб легалізаваць незаконныя даходы для падатковай.

Hавiны
Кіраўнік «Белтэлекам» распавёў, як Уцюрын лабіяваў інтарэсы расейскіх кампаніяў
2020.03.17 18:08

«Уцюрын мусіў атрымаць $ 400 тысяч»

Перадача хабару адбылася ў некалькі этапаў – па меры пералічэння траншаў за кантракт кампаніям Гарбачова. 14 лютага 2019 года Уцюрын і Гарбачоў сустрэліся ў менскім Union Coffee, што каля цырку.

«Нервовая была сустрэча: у мяне грошы, а ён не ведае, як іх узяць. Для ўсіх гэта было ўпершыню… Аддаў і аддаў», – успамінае бізнесовец.

Тады Гарбачоў перадаў $ 34 400 – экс-кіраўнік службы бяспекі Лукашэнкі «грошы не пералічваў, адразу прыбраў». Уцюрын падчас сустрэчы спытаў: якая наагул сума яму належыць? Гарбачоў спачатку памылкова назваў лічбу, якая была менш, чым тая, пра якую казаў Казанцаў – і на гэта звярнуў увагу Уцюрын.

«Я кажу: слухай, даруй, у мяне збой камп’ютара. Я потым зразумеў, чаму ён пытаў пра гэта, чаму яго канкрэтныя сумы цікавілі. Гэта не таму, што ён мяне як камерсанта браў за горла. Яму проста дом трэба было тады будаваць, а я ведаю, што гэта такое», – распавёў Гарбачоў.

«Уцюрын мусіў атрымаць $ 400 тысяч. Гэта палавіна ад таго, што павінна было прыйсці на разліковы рахунак [фірмаў Гарбачова. – belsat.eu]», – патлумачыў ён. Цалкам Гарбачоў мусіў разлічыцца з Уцюрыным да траўня 2020 года.

Другую частку хабару бізнесовец прывёз у Беларусь 21 красавіка. Тады ён спыніўся ў комплексе Robinson Club, што пад Менскам. Гарбачоў пазваніў Уцюрыну і той хутка прыехаў. Сустрэліся яны ў рэстарацыі, пілі гарбату. Калі разыходзіліся, то Уцюрын моўчкі ўзяў сумку Гарбачова – там было $ 148 600. Прычым перад тым як узяць грошы, Уцюрын зноў папрасіў Гарбачова напісаць фальшывую распіску – цяпер ужо на $ 200 тысяч.

Пасля сустрэчы Уцюрын сеў у аўтамабіль, а Гарбачоў пайшоў назад у гатэль. Але ў гэты момант пабачыў, што машыну намесніка дзяржсакратара Савету Бяспекі заблакавалі іншыя аўтамабілі.

«Я падышоў, каб разабрацца, чаму крыўдзяць майго сябра. Падышоў, імаверна, груба нешта сказаў тым людзям. Мне ветліва сказалі: таварыш, адыдзіце, калі ласка. Сказалі, што ў нас тут вучэнні адбываюцца», – успамінае бізнесовец момант арышту Уцюрына.

Паводле Гарбачова, спачатку яго ніхто не імкнуўся затрымаць. Ён проста пытаўся ў КДБшнікаў, што адбываецца, а тыя яго адганялі. «Я ўсё зразумеў. У мяне была шмат часу сысці. Але я проста адышоў на 20 метраў, стаў бліжэй да гатэлю і стаў чакаць калі мяне затрымаюць», – распавёў Гарбачоў.

Hавiны
Былы кіраўнік службы бяспекі прэзідэнта прызнаў віну. Падрабязнасці справы Уцюрына
2020.03.11 12:43

Ігар Ільяш belsat.eu

 

Стужка навінаў