Махляры не заплацілі футбольнаму клубу «Нёман» за... цыгарэты


Паводле следчых, гарадзенскі футбольны клуб прадаў мясцовай фірме цыгарэты, аднак так і не дачакаўся ад партнёраў аплаты. Сума стратаў – Br 900 млн.

Следчы камітэт паведамляе, што ў якасці падазраваных у справе фігуруюць заснавальнік і дырэктар гарадзенскай фірмы, якія «шляхам злоўжывання даверам завалодалі таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі».

«Вядома, што ў 2014 годзе гродзенская тытунёвая фабрыка выдзеліла ФК “Нёман” для рэалізацыі цыгарэты на суму два мільярды рублёў. Гэта было зроблена ў мэтах выканання ўказа прэзідэнта ад 3 лiстапада 2011 года №497, паводле якога прафесійныя спартыўныя клубы павінны паступова пераходзіць на поўную самаакупнасць. Рэалізацыя прадукцыі павінна была дапамагчы клубу зарабіць, але на справе ўсё выйшла інакш. Клуб не далічыўся больш за 900 мільёнаў рублёў», – паведамляе гарадзенскі рэсурс «Твой стыль».

Праваахоўнікі зладзілі вобшукі па месцы жыхарства меркаваных махляроў ды канфіскавалі ў якасці доказу аўта аднаго з іх. Цяпер міліцыянты шукаюць падазраваных.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў