Магілёўцы змагаюцца супраць палітыкі русіфікацыі


Навучальны год у Магілёве пачаўся з сюрпрызаў. У горадзе адкрылі другі беларускамоўны клас. Калі раней на больш як 360 тысячаў насельніцтва толькі адна вучаніца сярэдняй школы № 1 атрымлівала магчымасць вучыцца на роднай мове, то сёлета для аматараў беларускага адчыніла свае дзверы і сярэдняя школа № 34.

«Гэта першы клас. Даўно такога не было. Гэта падзея для Магілёва, для нацыянальнай адукацыі нашага гораду, для грамадскасці», – зазначыў Алег Дзьячкоў, старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы».

Вучаніцы пакуль дзве, але стане больш

Пакуль ахвочых вучыцца ў беларускамоўным класе знайшлося толькі дзве вучаніцы. Аднак бацькі дзяўчынак маюць намер працаваць над тым, каб аднакласніц у іхных дачок стала яшчэ больш.

«Будзем і далей шукаць аднакласнікаў для сваіх дзетак. Будзем інфармаваць бацькоў праз знаёмых, праз распаўсюджванне інфармацыі ў сацыяльных сетках, у медыях», – распавяла Галіна Турандзіна, маці адной з вучаніц.

Ініцыявалі адкрыццё беларускамоўнага класу самыя бацькі. З дапамогай актывістаў ТБМ спачатку занялося добраўпарадкаваннем класу, дзякуючы чаму тут зʼявіліся і стэнды з гербамі гарадоў Беларусі, і партрэты з цытатамі Якуба Коласа ды Янкі Купалы, кветкі ды іншае. А пасля зладзілі збор беларускіх кніжак. Шмат у чым у арганізацыі новага класу дапамагла настаўніца і звычайныя жыхары Магілёўшчыны.

Адчынілі адзін клас, зачынілі 16 школаў

А пакуль магілёўцы ўласнымі сіламі спрабуюць уладкаваць беларускамоўны клас, улады, мяркуючы па ўсім, спрабуюць разбурыць ужо наяўныя. Да прыкладу, яшчэ ўчора зʼявілася інфармацыя пра тое, што ў Магілёўскай вобласці сёлета зачынілі шаснаццаць беларускамоўных школаў. У асноўным гэта сельскія навучальныя ўстановы.

«У малакамплектных класах вучыць школьнікаў неэфектыўна з гледзішча засваення вучэбнага матэрыялу. Калі ў кабінеце двое-трое вучняў, то няма духу спаборніцтва, няма ў дзяцей навыкаў адаптацыі ў вялікім калектыве», – мяркуе Уладзімір Рыжкоў, начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму.

Аднак самыя бацькі мяркуюць інакш.

«На маё меркаванне, будзе больш увагі дзіцяці. І ўзаемасувязі паміж вучнем і настаўнікам будзе больш у сілу таго, што вучняў менш», – упэўненая маці адной з вучаніц Ганна Самойленка.

Аргументаў для стварэння не толькі беларускамоўных класаў, але і цэлых школаў шмат. Дастаткова таго, што попыт на беларускую мову за апошнія гады расце. Гэта відаць і па выніках цэнтралізаванага тэставання. Усё больш абітурыентаў жадае здаваць тэсты менавіта па беларускай мове. Аднак умоваў для яе вывучэння не дастаткова. І гэтая праблема не толькі Магілёўскай вобласці, але і ўсёй краіны.

Кацярына Ерусалімская, «Белсат»

Стужка навінаў