Магілёўскія ўлады раяць не гандляваць глобусамі і мапамі з «расейскім Крымам»


Чыноўнікі не рэкамендуюць прадаваць мапы і глобусы, на якіх прыналежнасць Крыму адрозніваецца ад прызнанай сусветнай супольнасцю.

Пра гэта гаворыцца ў адказе Магілёўскага гарвыканкаму намесніку старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігару Барысаву.

«27 сакавіка 2014 года Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю 68/262 (мае рэкамендацыйны характар), якая падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах і якая не прызнае змяненняў статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым і г. Севастопалю па выніках праведзенага 16 сакавіка 2014 года агульнакрымскага рэферэндуму», – гаворыцца ў адказе намесніцы начальніка ўпраўлення гандлю і паслугаў Магілёўскага гарвыканкаму Таццяны Абрамовіч, накіраваным 25 траўня Ігару Барысаву.

Чыноўніца таксама паведаміла, што на падставе ліста ўпраўлення гандлю і паслугаў Магілёўскага аблвыканкаму субʼектам гандлю Магілёва даведзеныя рэкамендацыі пазбягаць продажу палітычных мапаў і глобусаў, на якіх тэрытарыяльная прыналежнасць Крыму адрозніваецца ад прызнанай сусветнай супольнасцю.

Сваю скаргу Ігар Барысаў накіраваў ва ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі гарвыканкаму, а таксама ва ўпраўленне гандлю ў канцы красавіка. У ёй ён прасіў зняць з продажу ў Цэнтральным універмагу ў Магілёве глобусы з межамі дзяржаваў, не прызнаных Беларуссю.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў