У Магілёве класным кіраўнікам сярэдніх і старэйшых класаў дадзены загад адвесці дзяцей на выставу «Царская сям’я. Узыход». А пасля ў абавязковым парадку даць справаздачу пра колькасць дзяцей, якія наведалі выставу. Пра гэта сведчыць абвестка, якую сфатаграфавала і апублікавала ў сябе ў сацыяльных сетках маці аднаго са школьнікаў.
«Што адбываецца ў Беларусі, а канкрэтна ў Магілёве, не магу зразумець? Такое цудоўнае мерапрыемства, як «Фэст экскурсаводаў» ніяк не асвятляецца і не прапагандуецца ў школах, а дзяцей прымусова «гоняць», як статак, на вось ГЭТА! Каму скардзіцца, ды ці мае сэнс?», – задае рытарычнае пытанне жанчына.
Дадзеная аб’ява была вывешаная ў сярэдняй школе № 42 Магілёва. Як «Белсату» распавяла жанчына, якая падзялілася навіной, дзеці ўсё ж такі маглі не пайсці на выставу. З іх класу пайшлі далёка не ўсе дзеці.
«Маё дзіцё шкадуе маладую настаўніцу і таму вырашыла ісці, каб яе падтрымаць. На выставе дзецям распавядалі пра царскую сям’ю, як прыклад ідэальнай сям’і. А яшчэ дзецям запомніўся расказ пра цудадзейныя царскія мошчы».
Выстава «Царская сям’я. Узыход» арганізавана Магілёўскай епархіяй. Яна распавядае пра жыццё, служэнні і духоўны шлях сямʼі імператара Мікалая II. Экспазіцыя паспела аб’ехаць розныя музеі Магілёва, а цяпер выстаўляецца ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.
Выстава прывязана да гісторыі гораду, бо ў Магілёве ў гады Першай сусветнай вайны знаходзілася царская стаўка. Сярод шматлікіх фотаздымкаў самога Мікалая і членаў яго сям’і ў экспазіцыі прадстаўлены чырвоны іканастас з малітвамі, у двух залах стаяць скрыні для міласціны. Як пазначана на скрынях, Магілёўская епархія збірае грошы на адкрыццё цэлага музею Мікалая II.
У музеі пацвердзілі, што школьнікі ходзяць на выставу ў вялікай колькасці:
«Некаторыя бяруць нашага экскурсавода, а вось з сярэдняй школы №5 прыходзілі са сваім. Іх настаўнік ведаў вельмі багата фактаў пра царскую сямʼю».
Планавалася, што выстава «Царская сям’я. Узыход» у музеі Масленікава будзе працаваць з 9 сакавіка па 14 красавіка, але ў музеі нам паведамілі, што выставу вырашылі працягнуць яшчэ на месяц.
Вольга Васільева belsat.eu