Магілёўскіх настаўнікаў прымушаюць сустракацца з дэпутатам. Пад роспіс


Настаўнікі СШ № 31 у Магілёве наракаюць на тое, што іх змушаюць ісці на сустрэчу з дэпутатам. Пра гэта паведаміла адна з працаўніц школы на ўмовах ананімнасці.

У сярэдняй школе №31 Магілёва на дошку аб’яваў павесілі паведамленне: а 15:00 29 лістапада мусіць адбыцца сустрэча з дэпутатам. З якім канкрэтна – невядома. Але кожны настаўнік, чыё прозвішча патрапіла ў спіс, мусіць распісацца і прыйсці.

– Спачатку нам сказалі пра сустрэчу ў настаўніцкім пакоі, а пасля павесілі «запрашэнне» на дошцы абʼяваў. Адмовіцца немагчыма, – распавяла Belsat.eu адна з супрацоўніц школы на ўмовах ананімнасці. – Незалежна ад сваіх планаў мы мусім прыйсці на сустрэчу з дэпутатам і прывесці з сабой яшчэ хаця б двух бацькоў з класа.

У сярэдняй школе №31 Магілёва на дошку аб’яваў павесілі вось такое паведамленне

Як кажа нашая суразмоўца, на адваротным баку аб’явы спіс працягваецца – усяго ў ім 53 прозвішча.

– Нас у прамым сэнсе прымушаюць ісці на гэтую сустрэчу. Сказалі весці з сабой бацькоў, каб забяспечыць яўку ў 180 чалавек. Быццам бы ўсё добраахвотна, нібыта ўсе хочуць з ім сустракацца. А мы нават не ведаем, з кім канкрэтна будзе сустрэча. У нас ва ўсіх свае планы. Настаўніцы, у якой у пятніцу Дзень народзінаў, сказалі: «Нічога не можа быць больш важнага за дэпутата», – працягвае скардзіцца жанчына.

Фота СШ № 31 у Google maps

Хоць суразмоўца і зазначае, што «усе нашыя настаўнікі вельмі абураныя», але сама прызнаецца, што «усё абурэнне толькі ўдома на канапе», так што большасць настаўнікаў ужо падпісалася ў аб’яве і мяняе свае планы на пятніцу.

Але што будзе тым, хто не падпішацца і не прыйдзе?

– Гэта яны [адміністрацыя школы. – Belsat.eu] умеюць. Не запісаў урок – адразу дысцыплінарнае спагнанне і пазбаўленне прэміі. Папрасіўся за свой кошт – не адпусцяць. І ўсё такое. Яны ўмеюць помсціць. Людзі проста баяцца аддачы, – кажа супрацоўніца.

У СШ № 31 нам паведамілі, што сустрэча адбудзецца са старшынёй Магілёўскага абласнога савету дэпутатаў Змітром Харытончыкам. Бацькоў туды сапраўды запрашаюць, каб яны маглі задаць пытанні, якія іх хвалююць. Пры гэтым падкрэслілі, што бацькі могуць адмовіцца, для іх гэтая сустрэча не абавязковая.

Зміцер Харытончык.
Фота: mogilevnews.by

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель называе падобныя аб’явы прымусам:

– Гэта аб’ява, а не прыказ, яна не можа ісці пад роспіс. Няма такога закону, які б прадугледжваў забеспячэнне яўкі на сустрэчы з дэпутатам пад роспіс. Зразумела, што такім чынам адміністрацыя хоча прымусіць настаўнікаў прыйсці. Яны хочуць стварыць масавасць – гэта проста паказуха, – кажа праваабаронца.

Вольга Васільева Belsat.eu

Hавiны
Адваротны бок IT-дзяржавы: палова беларускіх школаў нават не карыстаецца хуткасным інтэрнэтам
2019.10.31 15:13
Стужка навінаў