Магілёўскі мясакамбінат зладзіў фотазону з жывым бычком. Што чакае жывёліну пасля Новага года?


Фота: Белсат

Магілёўскі мясакамбінат традыцыйна ўпрыгожвае сваю тэрыторыю да Новага года. Сёлета прадпрыемства зарганізавала фотазону з жывым сімвалам 2021 года – бычком. Жывёліне зрабілі загончык, накідалі сена і далі імя Гаўруша. Дарослыя прыводзяць да бычка дзяцей – пагладзіць або пакарміць.

«Паглядзіце, колькі тут дзетак, як ім гэта падабаецца! Гэта зроблена, каб парадаваць дзяцей. 2021-ы – Год быка, таму мы прапануем усім сустрэцца з нашым бычком і загадаць жаданне», – пракаментавала намесніца дырэктара Магілёўскага мясакамбінату Вера Красоўская.

Фота: Белсат

Людзі з задавальненнем гладзяць і фатаграфуюць бычка. Адзінае, што загончык з ім не асветлены, і ўвечары, калі прыходзіць бальшыня, бычка зусім не відаць без ліхтара.

«Для гарадскіх дзяцей нават бычок – цікавінка», – адзначаюць магілёўцы. На іхную думку, бычка наўрад ці пусцяць на каўбасу, бо ён яшчэ вельмі маленькі для гэтага.

Мясакамбінат адзначае, што чорна-пярэстаму бычку толькі 4 месяцы, яго ўзялі з гаспадаркі «Усход». Умовы ўтрымання – самыя звычайныя: даюць ваду і камбікорм, падсцілаюць сена. Пасля навагодніх святаў бычка Гаўрушу плануюць аддаць у Магілёўскі заасад.

Фота: Белсат

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў