Магілёўскага журналіста праваабарончага цэнтру «Вясна» перад выбарамі адправілі на содні

7 жніўня суддзя суду Ленінскага раёну Наталля Панасенка прысудзіла 10 содняў арышту журналісту Аляксандру Буракову малодшаму. Яго асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, паўторна, паводле артыкула 23.34, ч.3 КаАП.

Суд Ленінскага раёну Магілёва. Фота: Belsat.eu

Першае, на што звярнуў увагу адвакат Аляксандра Буракова малодшага, што парушэнне нібыта адбылося 14 ліпеня, а пратакол склалі толькі праз 3 тыдні – 6 жніўня, у дзень непасрэднага затрымання.

Паводле сведчанняў супрацоўніка міліцыі Яўгена Загорскага, Аляксандр Буракоў малодшы прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу: хлопаў, выкрыкваў лозунгі. Праўда, усяго гэтага няма на відэа, якое было разгледжана ў справе як доказ.

Фота: Belsat.eu

Аляксандр Буракоў заўважыў, што сведка хлусіць, бо на ягоны прыбор «Дазор» не патрапіла тое, у чым яго абвінавачвае Загорскі, а значыць, міліцыянт гэтага бачыць не мог. Тым больш, Буракоў з’яўляецца акрэдытаваным доўгатэрміновым назіральнікам за выбарамі ў Беларусі і яму забаронена браць удзел у любых акцыях. Пры гэтым Аляксандр быў адзін і трымаўся ў баку.

«Я знаходзіўся на плошчы як назіральнік. Я фатаграфаваў тое, што там адбываецца. Але пры гэтым магу сказаць, што ніякай акцыі там не было. Пасля таго, як Загорскі ў мегафон папярэдзіў грамадзянаў пра адказнасць і папрасіў разысціся, людзі разышліся», – сказаў Буракоў.

Аляксандр Буракоў малодшы. Фота: Belsat.eu

Суддзя Наталля Панасенка прысудзіла журналісту Аляксандру Буракову 10 содняў.

Суддзя Наталля Панасенка. Фота: Belsat.eu

7 жніўня ў судзе Ленінскага раёну судзілі адразу 5 журналістаў і праваабаронцаў. Яшчэ адну справу ў дачыненні назіральніка на выбарах разгледзеў суд Кастрычніцкага раёну.

Выракі за 7 жніўня:

– журналіст Аляксандр Буракоў старэйшы – 10 содняў;

– журналіст Аляксандр Буракоў малодшы – 10 содняў;

– сябра кампаніі «Страна для жизни» Аляксандр Таланкоў – 7 содняў;

– назіральнік Андрэй Застрэлаў – 10 содняў.

Вольга Васільева Belsat.eu

Hавiны