Прэзідэнт Венесуэлы падзякаваў Расеі за дапамогу і назваў Пуціна «лідарам новага свету».
Кіраўнікі двух краін сустракаюцца ў межах міжнароднага форуму «Расейскі энергетычны тыдзень – 2017».
«Дзякуй жыццю, што ў свеце ёсць такі лідар, лідар краіны з эканомікай, якая хутка развіваецца – гэта Уладзімір Пуцін. Нам не трэба прасіць Расею пра дапамогу, у нас яна ўжо ёсць, Расея ўжо нам дапамагае», – заявіў Нікалас Мадура.
Імаверна, што на сустрэчы ў Маскве два прэзідэнты абмяркуюць пытанне рэструктурызацыі расейскага крэдыту. Венесуэла працяглы час знаходзіцца ў стане глыбокага фінансавага крызісу. Каракас мае праблемы з выплатай крэдытаў.
5 кастрычніка Мадура прыедзе ў Менск і возьме ўдзел у адкрыцці помніка Сімону Балівару (змагар за незалежнасць Лацінскай Амерыкі ад Іспаніі) ў аднайменным менскім скверы.
Афіцыйныя Менск і Каракас падтрымліваюць перадусім палітычныя стасункі, эканамічная супраца Беларусі і Венесуэлы так і не прынесла чаканых вынікаў.
Праект па дастаўцы на айчынныя НПЗ венесуэльскай нафты ад самага пачатку эканамісты крытыкавалі за стратнасць, а афіцыйныя бакі ніколі не каментавалі, колькі ж каштавала Менску венесуэльская нафта.
Таксама шэраг будаўнічых праектаў беларусаў у Венесуэле быў згорнуты пасля таго, як лацінаамерыканская краіна сутыкнулася з глыбокім эканамічным крызісам. Ад пачатку года ў Венесуэле працягваюцца антыўрадавыя пратэсты. У іх загінулі не менш за 125 чалавек, у турмах па палітычных матывах утрымліваюцца больш за паўтысячы асобаў.
ДР belsat.eu