Мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі: прадпрыемствы «тонуць» у крэдытах


Чвэрць прыбытку прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі ідзе на пагашэнне крэдытаў.

З 2011 па 2015 год аграрны сектар узяў крэдытаў на 274 трл рублёў – прыкладна на $ 15,7 млрд. Пра гэта заявіў на сумесным пасяджэнні Палаты Прадстаўнікоў і Савету міністраў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы.

З пачатку года на пагашэнне крэдытаў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы аддалі 24 % свайго прыбытку, а прадпрыемствы перапрацоўкі і ўвогуле 43 %. На змяншэнне прыбыткаў паўплывала і мадэрнізацыя, прызнаецца Міхаіл Русы.

У такой сітуацыі фермеры перамагаюць сваіх дзяржаўных калегаў. Пра тое, што яны працуюць эфектыўней, чым сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, заявіў падчас паседжання міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

«Эфектыўнасць фермерскіх гаспадарак на 8 % вышэйшая, чым у сельскагаспадарчых прадпрыемстваў», – адзначыў міністр.

Пры гэтым прадпрыемствы сельскай гаспадаркі маюць патэнцыял, лічыць Леанід Заяц, і падкрэслівае, што іх кіраўнікам «трэба даць больш самастойнасці».

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў