Мадэратару «Краіны для жыцця», грамадзяніну Расеі Дзмітрыю Папову выставілі абвінавачванне


Мадэратар сацыяльных сетак «Краіны для жыцця», грамадзянін Расеі Дзмітрый Папоў, затрыманаму пад Мазыром на пачатку чэрвеня, высунулі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Пра гэта паведамляе ПЦ «Вясна». Папоў стаў 19-м фігурантам па «справе Ціханоўскага».

Згодна з абвінавачваннем, Папоў, дзейнічаючы па папярэдняй змове з іншымі фігурантамі справы «пад фармальнай нагодай збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую арганізаваў групавыя дзеянні ў выглядзе незаконнага грамадска-масавага мерапрыемства – мітынгу, груба парушаючы грамадскі парадак».

Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Менску. Праваабаронцам вядома, што ў яго пагоршыўся стан здароўя – праблемы з сэрцам праз стрэс.

Дзмітрый Папоў знік увечары 4 чэрвеня. Да гэтага ён запісаў відэа, у якім распавёў, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць затрымаць яго ў межах крымінальнай справы. Толькі праз некалькі дзён стала вядома, што яго асудзілі на 15 содняў арышту і перавезлі ў Менск у ізалятар часовага ўтрымання. Адтуль яго перавялі ў СІЗА.

17 фігурантаў працягваюць знаходзіцца пад вартай. Гэта Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Цыгановіч, Зміцер Казлоў, Ігар Лосік, затрыманыя пасля інцыдэнту ў Гродне Зміцер Фурманаў, Вяргілій Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандр Арановіч, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга, Андрэй Новікаў, палітык Мікалай Статкевіч, Сяргей Спарыш, Дзмітрый Папоў.

Яшчэ два фігуранты справы – Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік – 9 ліпеня былі вызвалены з СІЗА. Ім змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

Фота
Як у Горадні сустрэлі палітвязняў, якія праходзяць у «справе Ціханоўскага»
2020.07.10 14:07

КА belsat.eu

Стужка навінаў