Лыжка мёду ў бочцы з дзёгцем

Надыходзяць самыя светлыя і доўгачаканыя святы: Каляды і Новы Год. І падаецца, што ў гэты час людзі павінны забыцца пра ўсе праблемы, весяліцца, святкаваць і жадаць адно аднаму ўсяго толькі найлепшага ў наступным годзе. Аднак адчуваецца нейкая аскома на зубах. Неяк не да сапраўднае весялосці. Свята са слязамі на вачах.

Не ведаю, як святкавалі Новы Год у далёкім, напрыклад, 1943 годзе. Напэўна ж, святкавалі. У франтавых акопах. У лясных «зямлянках». У халодных гарадскіх кватэрах. Сярод спаленых вёсак. Людзям заўсёды хочацца свята. Хочацца надзеі. Але як па-сапраўднаму святкаваць на фоне мільёнаў забітых ды палонных, голаду, разрухі і вайны?

Пратэсты ў Беларусі. Жнівень – верасень 2020 г.
Фота: Леся Пчолка

У Беларусь не прыйшла сапраўдная вайна. Але з усяго перыяду незалежнасці Рэспублікі Беларусь 2020 год, напэўна, увойдзе ў гісторыю, як адзін з найгоршых. Столькі жаху і гора, колькі беларускі народ перажыў сёлета, цяжка ўзгадаць сярод папярэдняга дваццацішасцігадовага летапісу.

У гісторыю 2020 год увойдзе найперш пад знакам каронавіруса. Звычайны грып усе чакаюць, ведаюць, што ён прыйдзе бліжэй да вясны, запасаюцца да гэтага часу антывіруснымі прэпаратамі, часныком ды журавінай. А вось гэты загадкавы Covid-19 зваліўся на галавы беларусаў знянацку. Няма, напэўна, ніводнае сям’і, якой ён не закрануў. Лік хворых даўно пайшоў на тысячы. І невядома, калі гэта ўсё скончыцца.

У побытавым плане – гэта год антысептыкаў і масак. Хто б мог падумаць, што, выходзячы за дзверы, беларусы будуць правяраць свае кішэні на прысутнасць не толькі тэлефона і гаманца, але гэтых супрацьвірусных ахоўных сродкаў?

На ўваходзе ў паліклініку ўсім мераюць тэмпературу бескантактным тэрмоментрам.
Фота: Belsat.eu

2020 год – год медыкаў і валанцёраў. З самага пачатку пандэміі было зразумела, што медычны персанал будзе ў першых шэрагах ахвяраў хваробы. Яшчэ ў траўні ў нашай краіне смяротнасць сярод дактароў фіксавалася як адна з самых высокіх у свеце. Чаму так адбываецца – рабіць высновы вам.

Валанцёрскі рух – адзін з мноства выпадкаў аб’яднання вакол агульнае праблемы, самаахвярнасці, прыкладаў нараджэння грамадскае супольнасці ў Беларусі. Спачатку – дапамога медыкам. Нашая дзяржава не ацаніла гэтых парасткаў сёлетняе самаарганізацыі грамадства. Падчас другой хвалі пандэміі ковід-валанцёрства ўжо не было з шматлікіх прычынаў. Затое валанцёры працягвалі сваю дзейнасць, дапамагаючы затрыманым суграмадзянам. Арыштантаў сустракалі пасля «содняў», паілі гарбатаю, развозілі па хатах.

Марш герояў
АМАП затрымлівае ўдзельнікаў нядзельнага «Маршу герояў». 13 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv

Сёлетні год – год беспрэцэдэнтнага гвалту і бязмежжа з боку праваахоўнай ды судовай сістэмаў. Лікі арыштаваных, збітых, пакалечаных проста зашкальваюць. Падчас акцыяў супраць мінулых прэзідэнцкіх выбараў ніколі так жорстка не абыходзіліся з пратэстоўцамі. Ніколі так цынічна масава не кідалі на «содні». Шматлікія палітолагі падкрэсліваюць, што ў краіне – прававы дэфолт. Не распачата ніводнае крымінальнае справы па факце загінулых на вуліцах. Нават у такіх выпадках, калі, як кажуць, ёсць усе доказы на руках! Не хочацца ўсіх пад адзін грэбень раўнаваць, але наўрад ці цяпер на вуліцах будзе гучаць вокліч «Міліцыя – з народам!». Як і няма амаль ніякай надзеі на «самы справядлівы ў свеце» суд.

Шмат яшчэ чаго можна пералічыць. Эканамічны крызіс. Напэўна, самая шматлікая іміграцыя ў гісторыі краіны. Чарговая хваля змагання з беларускаю культураю. Паляванне на незалежныя медыі. «Бяззубасць» палітычнае апазіцыі. Шмат яшчэ пра што не захочацца размаўляць за святочным сталом. Аднак ёсць надзея. Лыжка мёду ў бочцы з дзёгцем. Надзея, у першую чаргу, на тое, што беларускі народ, у масе сваёй, нарэшце пачаў адчуваць сябе не натоўпам, а народам. Не «народцем», а «людзьмі звацца» хочуць беларусы. За гэта і падымем келіх віна за святочным сталом.

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў