Людзі, якія чытаюць кнігі, жывуць даўжэй


Дастаткова нават трыццаці хвілінаў у дзень.

Навукоўцаў са Школы грамадскага здароўя Ельскага ўніверсітэту цягам 12 гадоў даследавалі, як чытанне ўплывае на людзей. Сярод больш 3,5 тысячаў удзельнікаў эксперыменту былі самыя розныя людзі – ад апантаных аматараў чытання да тых, хто ніколі да кніг не дакранаўся. Навукоўцы прыйшлі да адназначнай высновы: «кніжныя чарвякі» жывуць у сярэднім на 2 гады даўжэй.

Аўтары даследавання падкрэсліваюць, што дабратворны ўплыў на здароўе аказваюць менавіта кнігі, чытанне газет і часопісаў не прыносіць падобных вынікаў.

«Гэты эфект, хутчэй за ўсё, назіраецца таму, што кнігі займаюць розум чытача нашмат больш, чым газеты або часопісы», – кажа Эўні Бавішы (Avni Bavishi) у размове з The Guardian.

«Мы былі ўражаныя такой розніцай ува уплыве на здароўе ад чытання кніг і чытання прэсы», – дадае Бавішы.

Навукоўцы тлумачаць адкрыццё наступным чынам: павольны, захапляльны працэс «зарывання» у кнігу трэнуе мозг такім жа чынам, як гімнастычная зала – нашае цела. Больш за тое – чытанне мастацкай літаратуры ўзмацняе пачуццё суперажывання, умацоўвае сувязь з людзьмі і светам вакол нас.

Што цікава, чытанне кніг дорыць два гады жыцця ўсім, незалежна ад полу, узросту і сацыяльнага статусу: у даследаванні прынялі ўдзел прадстаўнікі розных сацыяльных групаў, і ўсе яны патрапілі пад станоўчы ўплыў літаратуры.

Цяпер навукоўцы маюць намер вызначыць, што чытаць лепш – любоўныя раманы або дэтэктывы, а таксама – электронныя або папяровыя кнігі.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў