«Людзі ўжо хочуць наймаць ахову». Новая Баравая перажыла брутальны хапун, але не здаецца


5 студзеня супрацоўнікі менскай міліцыі зладзілі аблавы на дваравыя актыўнасці ў розных менскіх раёнах: неспадзяваныя госці завіталі ва Уручча і на Захад. Але найбольш шуму нарабіла Новая Баравая, дзе людзям пры затрыманні пагражалі прадметам, падобным на пісталет.

Фота: АК / Белсат

Квартал FORrest сустракае плотам, упрыгожаным бел-чырвона-белымі стужачкамі. Патрапіць у двор без дапамогі мясцовых жыхароў ці камунальнікаў складана: веснічкі чыпаваныя. Але нават яны не сталі перашкодай для невядомых у цывільным, якія ў аўторак прыехалі сюды на «паляванне».

Ля аднаго з уваходаў лунае бел-чырвона-белы сцяг. Побач упрыгожаная ялінка і дзіцячая пляцоўка, мэтавая аўдыторыя якой засяроджаная на сваіх справах. Побач іхныя бацькі абмяркоўваюць учорашнія падзеі.

– Хлопец, якога забралі, проста заступіўся за дзяўчыну, – распавядаюць жыхары. – Яму пагражалі пісталетам. Ён проста ішоў з жонкай і дзецьмі тут, у двары. Як нармальны мужык, вядома ж, заступіўся. Жонку наагул пачалі душыць. Пазней яе адпусцілі.

Фота: АК / Белсат

Непасрэдных сведак тут няма – большасць жыхароў кварталу даведалася пра затрыманні з чату, бо ніякіх супольных мерапрыемстваў на той вечар не планавалі. Кажуць, гэтыя некалькі чалавек выйшлі на звычайны вечаровы шпацыр без сімволікі ці музыкі.

– Я ў той момант клаў спаць дзяцей, і ўжо потым зазірнуў у тэлефон. Людзі, у якіх вокны выходзяць на іншы бок, наагул нічога не ведалі, – кажа мясцовы жыхар Аляксандр.

Фота: АК / Белсат

Некаторыя згадваюць, што бачылі шэры бус, які нібыта пільнаваў тут штосьці з раніцы. На яго амаль не звярнулі ўвагі: квартал, як і ўся Новая Баравая, даўно стаў аб’ектам асаблівай увагі сілавікоў. А ўвечары прыехалі «чорныя» на аўтамабілі без нейкіх апазнавальных знакаў. Менавіта ў іх і былі нечаканыя госці.

– Дагэтуль таксама прыходзілі. Наведвалі нас нават удзень, – распавядае мясцовая жыхарка Юлія. – Зразалі стужачкі, залазілі ў вокны. Гэта працягваецца, яны прыходзяць перманентна, але такога мы яшчэ не бачылі.

Фота: АК / Белсат

Апоўдні сілавікоў у квартале і наваколлі не відаць. Прайсці ў двор ніхто не забараняе. Пашпартнага кантролю, як пасля разгону на плошчы Пераменаў, пакуль няма, але мясцовыя жыхары ўжо не ведаюць, чаго чакаць.

– Страшна. Але што, сядзець цяпер у кватэрах? – адказвае пытаннем на пытанне Юлія. – У нас дзеці, нам трэба з імі гуляць на вуліцы. Цяпер усёй Беларусі сядзець дома, ці што? Не разумею, што там у галовах у людзей, але калі ўжо ва ўласны двор нельга выйсці… Не ведаю, якімі словамі гэта можна апісаць.

Фота: АК / Белсат

Заўважыць пратэстную актыўнасць у квартале не цяжка. Акрамя стужачак і сцяга ёсць чырвоныя банты, якімі аздобілі слупкі ля газону. Іх таксама зразалі невядомыя, але людзі аднавілі. У вокнах вісяць некалькі бел-чырвона-белых сцягоў. За іх цяпер лёгка атрымаць содні.

Фота: АК / Белсат

– І да нас прыязджаюць. Зразаюць стужачкі. Ходзяць з нажамі ўдзень. І ўсё гэта на вачах у дзяцей. Але ўсё аднавілі. Нам што, Новы год не адзначаць? Дзеці плачуць, крычаць. Нейкія штодня тут ходзяць, пералазяць праз плот і зразаюць бяскрыўдныя стужачкі. Як дзецям яшчэ на такое рэагаваць? Гэта ж навагоднія колеры. Увесь квартал за гэта галасаваў – вырашылі гуртам упрыгожваць двор да Новага года. І колеры адпаведныя. У нас снег белы. Дык будзем снег гарматамі высушваць? Ужо нават да Каляднага Дзеда дайшлі.

Фота: АК / Белсат

Нягледзячы на такую атмасферу, у вачах мясцовых жыхароў не відаць страху – толькі абурэнне.

– Страх і абурэнне ёсць ва ўсіх, але што з гэтым рабіць, мы не ведаем, – прызнаецца Юлія. – Людзі ўжо хочуць ахову наймаць. Але якую ахову ты возьмеш, калі тут нічога не дзейнічае?

– Ды ніякую, – сумна ўсміхаецца ейны сусед Аляксандр.

***

Увечары 5 студзеня ў квартал FORrest у Новай Баравой завіталі невядомыя асобы ў цывільным. Ніякіх пратэставых імпрэзаў у двары не было. Затрымалі дзяўчыну і мужчыну, які паспрабаваў за яе заступіцца. Пры гэтым яму пагражалі пісталетам і ўдарылі нагой у грудзі. З Першамайскага РУУС ён трапіў у Больніцу хуткай медычнай дапамогі. Ягоная жонка пры затрыманні была побач – яе павалілі і душылі, але потым адпусцілі: верагодна, праз тое, што поруч стаяла іхнае дзіцё.

Янка Падняпроўскі Belsat.eu

Стужка навінаў