«Людзі ў пагонах папярэдзілі нашых ворагаў». Лукашэнка звярнуўся да сваіх прыхільнікаў

Аляксандр Лукашэнка. Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка ў навагоднюю ноч выступіў са зваротам да сваіх прыхільнікаў. Адначасова да беларусаў звярнулася і Святлана Ціханоўская.

Прыводзім тэкст звароту Лукашэнкі:

Дарагія суайчыннікі і госці Беларусі!

Час няўмольна набліжае нас да апошніх імгненняў высакоснага 2020 года. Нас хвалюе, якім ён быў і што нас чакае ў будучыні.

Год, што адыходзіць, быў яркім і своеасаблівым. Ён прымусіў беларусаў шукаць адказы на адвечныя пытанні: хто мы, што будзе з намі і нашымі дзецьмі, куды мы ідзем і чаго мы хочам.

Мы асабліва востра ўсвядомілі, што маем і што можам страціць, прытым – незваротна.

Год аб’яднаў чалавецтва клопатам пра здароўе. А Гасподзь паказаў нам нашае месца ў гэтым свеце і папярэдзіў пра адказнасць за гармонію з прыродай.

Дзякуючы неймаверным намаганням дзяржавы мы выстаялі і здабылі ўпэўненасць у заўтрашнім дні. А галоўнае – не пакінулі дзяцей без будучыні!

Словам, нам патрэбен быў гэты год, каб зразумець, хто ёсць хто, каб па-сапраўднаму ацаніць зробленае і ўбачыць, што мы нацыя, здольная выжыць у гэтым бурлівым свеце толькі тады, калі мы адзіныя, калі мы разам.

Нашая апора – багаты гістарычны досвед. Мы нашчадкі вялікіх пакаленняў беларусаў, якіх лёс цягам тысячы гадоў ламаў і не аднойчы выпрабоўваў на трываласць. Але яны мужна і смела будавалі сваю будучыню. І ніколі не гублялі сувязі з роднаю зямлёй. Яна – нашае ўсё. Без яе мы не будзем народам.

Трылогія «Малой радзімы», якую мы завяршылі ў 2020-м, яшчэ раз дала магчымасць зразумець, што толькі ў роднай зямлі – крыніца нашых сілаў. Гэтыя сілы дапамагаюць нам дасягаць намечаныя мэты. І, падводзячы вынікі чарговай пяцігодкі, мы бачым: нам ёсць чым ганарыцца.

Беларусь стала ядраваю дзяржавай, ступіла ў космас, асвоіла вытворчасць легкавых аўтамабіляў і электрамабіляў, стварыла біятэхналагічную карпарацыю, асвоіла ракетную вытворчасць, развіла IT.

Але самае галоўнае – мы захавалі харчовую бяспеку. І ў той час, калі людзі ў багатых краінах сталі ў кіламетровыя чэргі па кавалак хлеба, нашыя сяляне забяспечылі беларусаў неабходнымі прадуктамі харчавання.

Людзі ў пагонах папярэдзілі нашых ворагаў: абарона дзяржавы, грамадская бяспека будуць запэўненыя рашуча і без ваганняў!

Людзі ў белых халатах паказалі свой прафесіяналізм у барацьбе з цяжкімі хваробамі.

Сапраўдныя настаўнікі і выкладчыкі прадэманстравалі ўзровень беларускай адукацыі.

Навукоўцы ды інжынеры Беларусі стварылі ўнікальныя ўзоры ў машынабудаванні, хіміі, нафтахіміі.

Гэта значыць, мы не застылі на месцы. Змяніўся свет, змяніліся і мы. Нашыя перамены – гэта пралічаная і прадуманая эвалюцыя.

Вы ведаеце, некаторыя з нас, сутыкнуўшыся з выклікамі высакоснага года, хочуць вярнуцца ў Беларусь, якой яна была год раней.

Я, вядома, рады, што вы ацанілі дасягнутае, але вяртацца ў мінулае мы не будзем. У нас няма часу ісці назад і праходзіць пройдзенае. Мы абавязкова створым Беларусь будучыні, і яна будзе лепшая за цяперашнюю. Для гэтага трэба проста адправіць 2020-ы ў гісторыю. Але не забыць яго ўрокі. Нам усім, хто бачыць свет па-рознаму, варта ўсвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасць – кавалачак зямлі ў цэнтры Еўропы.

Іншага не дадзена. І дзеля захавання яго для дзяцей давайце перагорнем старонку пройдзенага і будзем разам пісаць новы раздзел незалежнай Беларусі. Давайце будучы год зробім годам народнага адзінства.

Будзем жыць сваім розумам, ствараць каштоўнасці сваімі рукамі. Берагчы, шанаваць і любіць так, як могуць толькі беларусы – разумная, талерантная, накіраваная ў будучыню нацыя! І калі мы хочам «людзьмі звацца», мы гэта зробім!

Дарагія сябры!

У гэтыя хвіліны нашыя сэрцы бʼюцца асабліва моцна. Мы з любоўю глядзім на родных і блізкіх, разумеючы, што ў іх – нашае шчасце і сэнс жыцця. Дзякуем ім за падтрыманне і веру, якія дапамагаюць ісці да мэтаў, пераадольваючы любыя перашкоды. І мы спадзяемся, што нашыя мары абавязкова споўняцца.

Хай 2021 год стане для ўсіх нас годам увасаблення самых добрых, светлых і чыстых жаданняў!

Мужнасці, вытрымкі і цярпення на гэтым шляху вам, патрыётам Радзімы! Міру і дабрабыту вашым семʼям і дзецям. Будзьце здаровыя і шчаслівыя, беражыце адно аднаго.

З Новым годам вас і вашых гасцей!

МГ belsat.eu

Hавiны