«Людзі хочуць пачуць нейкую праўду». Прафесіяналы – пра тое, ці можа тэатр заставацца ранейшым


Тэатры сёння не грымяць прэм’ерамі, але тым не менш не сходзяць са стужак навінаў. Увесь час работнікі тэатру праяўляюць салідарнасць, іх звальняюць, а яны намагаюцца захаваць сябе. Ці можа беларускі тэатр заставацца ранейшым і якіх зменаў ад яго патрабуе час? Такое пытанне мы задалі прафесіяналам тэатральнага мастацтва.

Дзмітрый Багаслаўскі, драматург, рэжысёр Цэнтру беларускай драматургіі:

– Тэатр увогуле не павінен быць «такім жа» ці «ўчорашнім», бо тэатр – гэта пра сёння. Для мяне незразумелая пазіцыя калегаў, якія абыякава ставяцца да таго, што цяпер адбываецца: так ломяцца гуманістычныя прынцыпы і законы тэатру. Як можна глядзець на гвалт, а вечарам на сцэне іграць нешта жыццесцвярджальнае? У мяне самога тут адбываецца страшная нестыкоўка, і я ведаю, што тэатры таксама ўсё гэта пераносяць вельмі хваравіта. Усё ж тыя, хто займаецца мастацтвам, культурай, крыху па-іншаму адчуваюць свет.

Багаслаўскі. Фота Сяргея Ждановіча

Не спыняць працы – складаны крок для калектываў. Важна, ці гатовая адміністрацыя да дыялогу. Калі гатовая, то і ў тэатры адбываецца нешта адпаведнае часу. РТБД цяпер ладзіць акцыю падтрымкі збітаму Іллю Ясінскаму, а тым часам Новы драматычны тэатр падаў у суд на сваіх актораў. Мяне здзіўляе, калі кіраўніцтва не размаўляе з трупай: як мы ўбачылі па страшнай сітуацыі з Купалаўскім, фраза «незаменных няма» ў тэатры не працуе. У любым выпадку павінен быць дыялог, а не адпіскі ці зборы, на якіх артыстаў затыкаюць. Таму мне незразумела, чаму новы дырэктар Купалаўскага не выйшаў тады да трупы. Як ён уяўляў далейшую працу?

У вашым пытанні ёсць слова «патрабуе» – я не вельмі добра да яго стаўлюся. Кожны з нас сёння намагаецца рабіць усё, што ў яго сілах. Калі я не кірую машынаю, то сяджу дома з дачкой, пакуль мая жонка возіць валанцёраў па РУУСах. Не ведаю, ці можам мы зараз нечага адно ад аднаго патрабаваць: галоўная дапамога ў тым, каб адно аднаго адчуваць, разумець і прымаць.

А каб усё, што адбываецца, адрэфлексаваць і зразумець, патрэбны час. Як драматургу мне падаецца, калі я зараз буду пісаць, гэта будзе проста нейкая экспрэсія, вылітая на паперу. А для мяне тэатр – даволі грунтоўны дыялог, таму мне патрэбны час, каб для самога сябе расставіць маячкі. Але калі ў некага атрымліваецца пісаць сёння, я толькі рады.

Андрэй Новік, актор, былы вядучы актор РТБД:

– Цяпер самы важны тэатр адбываецца на вуліцы. Дваровыя вечары – на мой погляд, самыя для яго прыдатныя пляцоўкі, бо тут ён можа наўпрост падтрымліваць людзей і іх памкненні.

Андрэй Новік.
Фота: архіў героя

Вядома, нам патрэбна нешта адкрытае, сучаснае і актуальнае, і як хутка і глабальна тэатры будуць у гэта паглыбляцца, залежыць ад тых, хто ў іх працуе, а таксама ад гледача і яго чаканняў. Хтосьці застанецца ў тым самым рэжыме, нехта дагэтуль працуе быццам у 70-х, але тэатр увогуле зменіцца, гэта стопрацэнтова, ён не можа застацца тым жа.

Ён зменіцца сам сабой, калі сыдуць цэнзура і ўказы, што рабіць і як, калі можна будзе казаць тое, што ты сапраўды адчуваеш. Калі Міністэрства культуры больш не будзе прыходзіць і казаць: «Вось гэта, калі ласка, прыбярыце, а тут што вы мелі на ўвазе?» Тады будуць зусім іншыя п’есы, спектаклі і адносіны паміж акторамі, а мастацтва, я спадзяюся, стане сапраўдным, бо яно не можа, як цяпер, быць загнаным у рамкі, у якіх мы спрабуем нешта знайсці.

Гэты працэс абсалютна натуральны, для яго не трэба рабіць нічога адмысловага. Час пакажа, ці да лепшага будуць гэтыя перамены, але ўсе ахвяры не павінны прайсці дарэмна – перадусім дзеля іх мы павінны не маўчаць і ўсё змяніць. Сёння тэатр хоць штосьці кажа – на мой погляд, гэтага мала, але хоць штосьці – ужо добра.

Сёння я б хацеў іграць хіба ў спектаклі «Гэта мы», прычым не на дзяржаўнай сцэне, а ў іншых прасторах, дварах ці сталовых. З гэтым спектаклем я б ездзіў і паказваў яго кожны дзень, бо ён адказвае на пытанне, хто такі беларус.

Аляксей Ляляўскі, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек:

– Я працую ў тэатры гадоў сорак, і як напачатку зразумеў, што тут трэба казаць праўду, быць сумленным і не хавацца ў бульбу, так свайго меркавання і не змяніў. Мы так працавалі ўсе гэтыя гады, гэта не тое, што хавалася ў нас недзе на заплеччы: у тэатры амаль не бывала забаўляльных спектакляў, асабліва што датычыцца спектакляў для дарослай публікі. Я не ведаю, што мы можам змяніць: мы можам хіба заставацца такімі, якімі былі. Калі ўзяць выдуманыя намі за апошнія гады жанравыя азначэнні: «камедыя эпохі абсалютызму і рэпрэсій», «гісторыя тучэкукуйскай дэмакратыі», «развітанне з радзімай», «ода няздзейсненым рэвалюцыям», што да іх яшчэ можна дадаць? Тое, што мы накапілі, можам без сораму паказваць і сёння, і надалей.

Аляксей Ляляўскі.
Фота: архіў героя

Але ў той жа час нас уцягвае і сацыяльна-палітычная варонка, непамерны ўзровень гвалту ў атачэнні. Вядома, ёсць хваляванні і за артыстаў, і за сябе, і за калегаў з іншых тэатраў ды і наогул за беларусаў – медыкаў, студэнтаў, музыкаў. Ніяк не заплюшчыш вочы на гераічны рух купалаўцаў альбо тое, што адбываецца ў Новым драматычным тэатры, РТБД, драматычным тэатры ў Горадні.

Таму трэба змагацца. Ясна, што ў нас дзве краіны: адна, якая працуе, – гэта АМАП і камунальшчыкі, а ўсе астатнія – «дармаеды».

Нам трэба рабіць сваю справу так, каб не было сорамна. Трэба не баяцца і не саромецца падстаўляць люстэрка пад мурло ўладаў. Калі тыя, хто працуе ў тэатрах (то бок установах культуры, таму што тэатры ў краіне даўно юрыдычна знішчаны), зразумеюць, што ў глядзельнай зале людзі не толькі адпачываюць, але і хочуць пачуць нейкую праўду, змены адбудуцца, прычым да лепшага.

Бо калі ў тэатры няма зместу, няма, пра што падумаць, гэта не можа быць мастацтвам – гэта нешта такое… для аздаблення. Да рэвалюцыі 1917 года ў тэатр хадзілі выпіць гарэлкі і сябе паказаць: дзяржава ў апошнія гады шмат зрабіла для таго, каб ператварыць беларускі тэатр у нешта падобнае. Гэта трэба мяняць, але мяняецца яно і без нашага адмысловага ўплыву – я ўжо бачу гэта, і змены адбываюцца не толькі ў нас.

Аляксандр Янушкевіч, рэжысёр:

– Тое, што тэатр не застаўся ўбаку, а наадварот, аказаўся на перадавой падзей, шмат пра што кажа. Вядома, гаворка не пра ўвесь беларускі тэатр, але многія не змаглі маўчаць. Тэатральнае мастацтва больш не такое абстрактнае, а ўсё больш сучаснае і актуальнае, яно падтрымлівае людзей – гэта вельмі радасна.

Аляксандр Янушкевіч. Фота Яўгена Ерчака

Мне здаецца, апошнія месяцы сталі для яго крутым узрушэннем: пасля ўсяго гісторыя пра «тэатр увогуле», як бы забаўляльна-прыміральны, ужо не вернецца. Ранейшым ён не застанецца, змены адбываюцца вельмі імкліва. Стане іншым і запрос гледача, ён нават зменіцца першым: раней складана было ў тым плане, што глядач, маўляў, ведае, як павінна быць, і калі гэта не стыкавалася, узнікалі пытанні, скаргі, негатыўныя водгукі. Цяпер мы павінны быць салідарныя з гледачом і адказныя перад ім.

Але іграць нават у такія часы, мне падаецца, трэба. Пытанне толькі, што іграць. Вядома, камедыі, антрэпрызу ці нешта ў стылі беларускага тэлебачання, дзе нічога няма, ставіць цяпер бессэнсоўна, ды і людзі на гэта не ідуць. Некаторыя тэатры слушна пераглядаюць рэпертуар на карысць таго, дзе ёсць салідарнасць і актуальнасць, нават робяцца выязныя спектаклі, пастаноўкі пераўтвараюцца ў акцыі. Вядома, гэта потым спыняецца, але шукаюцца ўсё новыя фарматы – цяпер гэта важна.

Не магу сказаць, што нешта мае змяніцца ў мяне самога, бо «тэатру ўвогуле» ў мяне, як мне здаецца, не было, я заўсёды рабіў актуальныя работы. Змены хіба ў тым, што ты не можаш заставацца абыякавым, рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, і проста ісці далей.

Таццяна Арлова, тэатральны крытык:

– Ніводная актыўная структура, асабліва ў культуры, пасля сур’ёзных палітычных падзей, вядома, не можа заставацца ранейшай. Беларускі тэатр сёлета зазнаў вельмі вялікія змены. Яны звязаныя не толькі з каронавірусам і доўгімі прастоямі, але і тым, што нейкая частка супрацоўнікаў звольнілася альбо была звольненая. У нас фактычна знік цэлы тэатр – Купалаўскі, многія тэатры дагэтуль не выйшлі з прастою, у вельмі складаным становішчы застаюцца тэатры ў вобласцях. Напрыклад, тэатр імя Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску літаральна зімой з новым галоўным рэжысёрам пачаў рабіць нейкія крокі і вельмі цікава прасунуўся, але вымушаны быў спыніць рэпетыцыі элементарна з-за недахопу грошай.

Таццяна Арлова.
Фота: архіў гераіні

Эканамічная сітуацыя моцна ўдарыла па тэатры: нават калі і была нейкая датацыя, заробак на квітках скараціўся. Але сталі адбывацца яшчэ і звальненні, а гэта значыць, што спектаклі трэба перарабляць, што не так проста зрабіць і не заўсёды гэта робіцца да лепшага.

Рэпертуар пакуль застаецца былым, таму што праз адсутнасць сродкаў і людзей няма магчымасці рабіць нешта новае, але ён, вядома, зменіцца. Я не згодная з агульным меркаваннем пра тое, што ў нас спрэс камедыі і няма нічога сур’ёзнага. Гэта не так, ды і камедыі, якія можа перастроіць і вызваліць ад цяжараў, якія мы цяпер перажываем, часам патрэбныя.

Але ў нас жа існуе цэнзура, і нейкія цікавыя творы яна папросту не прапусціць. Нават калі будуць браць класіку – вядомую класіку, якая ўжо ішла на нашай сцэне, цэнзура ўсё роўна ўмяшаецца. Я, напрыклад, упэўнена, што п’есы Андрэя Макаёнка абсалютна сучасныя, але калі цяпер за іх возьмуцца, узнікнуць пытанні.

Тым не менш рэпертуар зменіцца, проста не сёння і не заўтра, і што з гэтага атрымаецца, мы некалі ўбачым.

Запісала Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

Стужка навінаў