Людзі гэтай прафесіі дапамагаюць Расеі стаць супердзяржавай. Глядзіце, як атрымліваецца


Да 2024 года Расея хоча ўвайсці ў пяцёрку найбольш развітых краінаў свету.
Фота: Anton Novoderezhkin / TASS / Forum

8 лютага нашыя ўсходнія суседзі адзначаюць Дзень расейскай навукі. У Крамлі спадзяюцца, што менавіта навукоўцы дапамогуць Расеі стаць незалежнай і развітай краінай.

Згодна са Стратэгіяй навукова-тэхналагічнага развіцця Расеі, яе ўрад павінен павялічыць выдаткі на навуковыя даследаванні і шчодра падтрымліваць таленавітую моладзь, каб зрабіць краіну самастойнай «у крытычна важных сферах жыццезабеспячэння».

«Мы часта набываем за мяжой тое, што можам рабіць самі», – наракаў Уладзімір Пуцін на апошняй вялікай прэсавай канферэнцыі.

І хаця стратэгія дзее ўжо тры гады, Пуцін не назваў ніводнага прадмету, якім можна было б ганарыцца. Магчыма, вось чаму.

Расейскі планшэт па цане 15 амерыканскіх

У верасні 2017 годзе школьнікі ў Екацярынбургу атрымалі бясплатныя планшэты ад Нацыянальнага цэнтру электроннай адукацыі, падкантрольнага дзяржаўнай карпарацыі «Ростех», створанай у мэтах вытворчасці высокатэхналагічнай прадукцыі. Журналісты «Znak.com», якія пратэставалі прыладу, выявілі, што вучням дасталіся амерыканскія планшэты «enTourage eDGe» пяцігадовай даўніны з аперацыйнай сістэмай 2009 года.

Расейскі планшэт. Ці амерыканскі?
Фота: Ярамір Раманаў / Znak.com

У 2017 годзе такі планшэт можна было набыць на «eBay» за $ 30. Расейскі дэвайс каштаваў амаль $470.

Аднаразовы робат за пяць мільёнаў долараў

Пасля прадстаўлення ў 2016 годзе прататыпу антрапаморфнага робата, якога стваралі на патрэбы МНС, тагачасны віцэ-прэм’ер Дзмітрый Рагозін даручыў стварыць гуманоіда для працы ў космасе. Усяго пяць гадоў і $ 4 755 000 – і «FEDOR» (то бок, абрэвіатура «Фінальны эксперыментальны дэманстрацыйны аб’ект даследаванняў» па-ангельску) навучыўся сядаць, падымацца па сходах, вадзіць аўта і матацыкл.

Гуманоід «FEDOR» у Звёздным гарадку пад Масквой у лістападзе 2019-га.
Фота: Stanislav Krasilnikov / TASS / Forum

Начынка робата расейская толькі напалову. З 48 рухавікоў 16 – замежныя. Кабелі і аднаплатавы камп’ютар з сістэмамі электрасілкавання і астуджэння – таксама. Аперацыйная сістэма – на базе «Linux». У Расеі зрабілі большасць частак корпусу і пластыкавых дэталяў гуманоіду, пісала «Lenta.ru». Падчас запуску ў космас «FEDOR» не захацеў уключацца, касманаўтам давялося ўжыць гаечны ключ. Актываваць яго ўдалося толькі з 10 або 15 спробы. Больш у космас ён не паляціць.

Канец бясконцай флэшкі

Прыватны праект Аляксея Чуркіна «Flashsafe, які спалучаў флэш-памяць з воблачным файлавым сэрвісам, атрымаў дзяржаўны грант у памеры каля $ 4000.

Апаратнае забеспячэнне для дэвайсу набывалася ў Кітаі, у Расеі адбывалася зборка і ўпакоўка.Флэшка каштавала $ 65 у Расеі і $79,99 – за мяжой.

Калі ў 2017-м Чуркін паехаў у ЗША, каб прыцягнуць у праект амерыканскія інвестыцыі, ягоны партнёр забраў сыходны код прадукту і памяняў усе паролі да сацыяльных сетак і электроннай пошты. Паводле Чуркіна, памочнік проста пазайздросціў ягоным фотаздымкам з падарожжа па ЗША.

Пасля гэтага праект закрыўся. Ці то таму, што паліцыя не дапамагла вярнуць код абсталявання, ці то таму, што ўсе карыстаюцца аблокавымі сэрвісамі кшталту «Google Disc» або «Dropbox».

Апошняя пяцігодка?

Згодна з нацыянальным праектам «Навука», зацверджаным год таму, да 2024 года Расея мае ўвайсці ў пяцёрку найбольш развітых краінаў свету. На гэта з бюджэту выдзеляць больш за $ 10 млрд.

Магчыма да канца свайго апошняга прэзідэнцкага тэрміну Пуцін прадставіць якое-небудзь расейскае вынаходніцтва, якое зможа выцесніць замежныя аналагі не толькі ў Расеі, але і ў свеце: падчас сустрэчы з атрымальнікамі буйных расейскіх навуковых грантаў у траўні 2019-га Уладзімір Пуцін прызнаўся, што абмяркоўвае з навукоўцамі праекты, карысныя не толькі для Расеі, але і для ўсяго чалавецтва.

«Менавіта пра гэта мы і думаем, толькі пытанне ў выбары прыярытэту», – дадаў Пуцін.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў