«Людзі гатовыя выходзіць цэлы год». Андрэй Вардамацкі распавёў, што адбудзецца з пратэстам з надыходам халадоў


«Партызанскі марш» у Менску. 18 кастрычніка 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

Пасля падвядзення вынікаў апытання пратэстоўцаў з розных гарадоў Беларусі сацыёлаг Андрэй Вардамацкі распавёў «Белсату» пра пяць асноўных сацыяльна-псіхалагічных характарыстык беларускага пратэсту.

Доктар сацыялагічных навук, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі распавёў «Белсату» аб выніках апытання ўдзельнікаў акцый пратэсту, праведзенага з 22 верасня да 22 кастрычніка. Даследаванне праводзілася метадам аддаленых фокус-груп, у якія ўвайшлі людзі з розных гарадоў Беларусі.

Даведка
Фокус-група – метад у сацыялогіі, які заключаецца ў арганізацыі даследавання суб’ектыўных меркаванняў рэспандэнтаў з дапамогай серыі групавых дыскусій. Яго мэта – вызначыць матывацыю і адчуванні, гэта значыць, даведацца не «колькі», а «чаму».

Па словах навукоўца, у беларускага пратэсту сфармавалася пяць сацыяльна-псіхалагічных характарыстык, сярод якіх – зрух болевага парогу, трансфармацыя страху ў гнеў, ператварэнне ўдзелу ў пратэстах у пазітыўную псіхалагічную неабходнасць, арыентацыя на доўгачасовы пратэст, адсутнасць псіхалагічнай неабходнасці прысутнасці лідара.

«Калі раней людзі ўспрымалі содні як нешта страшнае, то цяпер да іх ставяцца спакойна. Гатоўнасць да арышту, штрафу, страты працы або рызыкі атрымаць дубінкай увайшла ў свядомасць пратэстоўцаў як прымальная дадзенасць. Тое, да чаго людзі не гатовыя, – гэта крымінальныя справы альбо пагроза застацца інвалідам. Для жанчын асобнай мяжой з’яўляецца рызыка згвалтавання», – гаворыць Вардамацкі.

Рызыка атрымаць дубінкай увайшла ў свядомасць беларускіх удзельнікаў пратэсту як прымальная дадзенасць. На здымку – сілавікі спрабуюць затрымаць удзельніка нядзельнага маршу супраць Аляксандра Лукашэнкі. 25 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТАСС / Forum

Сацыёлаг сцвярджае, што цяпер на вуліцы людзей выводзіць гнеў, у які трансфармаваўся ранейшы страх.

«Гэтая трансфармацыя прывяла да гатоўнасці пратэставаць доўгачасова. Гэта новы момант у настроі беларусаў у параўнанні з мінулым, калі няўдача канкрэтнага дня ўспрымалася як канец усяму і прыводзіла да апатыі. Дастаткова ўспомніць драматычныя падзеі 19 снежня 2010 года і параўнаць іх з 2013 годам у Кіеве, калі на наступны дзень пасля збіцця студэнтаў вуліцы запоўніліся людзьмі. Цяпер Менск выйшаў на гэты ўзровень і нават абагнаў яго», – сцвярджае сацыёлаг.

Паводле апытання, каля 80 % удзельнікаў акцый гатовыя пратэставаць шмат месяцаў – ажно да года.

Па словах Вардамацкага, у Беларусі назіраецца крышталізацыя ядра пратэстоўцаў: гэтыя людзі маюць інтэнсіўныя дачыненні паміж сабой, яны могуць мяняць форму свайго ўдзелу ў акцыях, але не адмовяцца ад пратэсту як такога.

Даведка
Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні, доктар сацыялагічных навук, кандыдат філасофскіх навук Андрэй Вардамацкі

«У 90-я такі «крышталізаваны электарат» быў у Аляксандра Лукашэнкі: яго былі гатовыя падтрымліваць незалежна ад эканамічнай або геапалітычнай сітуацыі. Калі б жыццё гэтых людзей пагаршалася, яны б знаходзілі ўсяму прычыны – аж да высокай вільготнасці на Марсе. Сённяшняе ядро пратэстоўцаў хадзіла, ходзіць і будзе хадзіць на вуліцы, відазмяняючы формы і падыходзячы да гэтага крэатыўна ў выдатнай ступені», – кажа Вардамацкі.

Са слоў Вардамацкага, настрой людзей сведчыць аб тым, што пратэсты не патухнуць разам з надыходам халадоў. «Удзельнікі даследавання заявілі, што ў цёплай вопратцы не так балюча будзе атрымаць дубінкай», – адзначае сацыёлаг.

Плывучыя лідары

Аўтары даследавання адкрылі, што нядзельныя акцыі сталі для ўдзельнікаў псіхалагічнай патрэбай.

«У любой краіне на вуліцах пратэстуюць супраць чаго-небудзь. У Беларусі на акцыі выходзяць не толькі каб выказаць сваю нязгоду, але таксама каб атрымаць энергетычнае падсілкоўванне і станоўчыя эмоцыі, – працягвае даследчык. Адлюстраваць гэта можна ў выглядзе сінусоіды. У нядзелю, схадзіўшы на дэманстрацыю і не атрымаўшы дубінкай, чалавек атрымлівае порцыю пазітыву. У панядзелак ён бачыць, што кагосьці забралі, кагосьці пабілі. Потым пачынаюцца суды і да серады наступае псіхалагічная яма. У чацверг з’яўляецца першая інфармацыя аб тым, што рыхтуецца ў нядзелю, што дазваляе чалавеку страпянуцца. У пятніцу інфармацыя аб акцыях у выхадныя канкрэтызуецца. У суботу адбываюцца жаночыя маршы і дэмаршы, на вуліцах з’яўляюцца прыгожыя людзі з вясёлымі плакатамі. У нядзелю чалавек выходзіць на марш і наступае пік пазітыву». Яшчэ адна рыса пратэстаў – знікненне патрэбы ў лідары.

Шмат хто з удзельнікаў даследавання ўпэўнены, што ў халодны час года яны будуць мець перавагу ў параўнанні з АМАПам.
Фота: ТАСС / Forum

«Ва ўсіх падручніках напісана, што лідар павінен прысутнічаць на пратэсце фізічна – на вуліцы, на балконе, на браневіку. Так было заўсёды і ўсюды – Лех Валэнса ў Польшчы, Воіслаў Каштуніца ў Сербіі, Нікол Пашыньян у Арменіі і гэтак далей. Але асаблівасць беларускай юрыдычнай сістэмы, у нетрах якой любыя лідары адразу знікаюць, прывяла да таго, што ў нас гэтага няма, а ў людзей знік псіхалагічны дыскамфорт праз адсутнасць лідара. Такога не было ні ў нашай краіне, ні ў рэгіёне, ні ў свеце. У гэтым – глабальная значнасць беларускага пратэсту як унікальнага кейсу. Падобная самаарганізацыя была ў Гон-Конгу, але ў такой завершанай і дамінантнай форме гэта ёсць толькі ў нас», – гаворыць Вардамацкі.

«Ілюстрацыяй гэтага можа быць касяк маленькіх рыбак. Група гэтых рыбак можа змяняць канфігурацыю, хуткасць руху, і яна працуе як адзіны механізм. Спецыфікай гэтага аб’яднанага сацыяльнага арганізму з’яўляецца псіхалагічны настрой людзей: «нам ніхто не патрэбны, мы можам вырашаць усё самі». Некаторыя з апытаных казалі, што яны ў захапленні ад таго, што адбываецца і заяўлялі, што яны супраць з’яўлення нейкага лідара», – дадае навуковец.

Фота: Alex Kydd / Caters News / Forum

Сітуацыю, калі падчас нядзельнага маршу ў кожнай калоне з’яўляецца хтосьці, хто вырашае, дзе павярнуць, дзе прытармазіць, а дзе – паскорыцца, Вардамацкі называе феноменам плывучага лідарства.

«Выходзячы з дому яшчэ гадзіну таму такі лідар нават не падазрае, што ён будзе кіраваць гэтай калонай. А пасля сыходу з Маршу ён зноў перастае ім быць, – кажа сацыёлаг. – У такіх умовах тактыка ўладаў па арышце лідараў не спрацоўвае».

Гонку нагнятання страху і адаптацыі да яго выйграюць пратэстоўцы, сцвярджае Андрэй Вардамацкі.
Фота: ТАСС / Forum

На думку Вардамацкага, сённяшняя самаарганізацыя людзей дапаможа ў доўгатэрміновай перспектыве наладзіць у Беларусі эфектыўную працу прадстаўнічай дэмакратыі. «Чым больш у грамадстве гарызантальных сувязяў, тым лепш будуць працаваць дэпутаты, тым больш эфектыўна ў будучыні будзе працаваць парламент як адзіны арганізм», – падсумоўвае сацыёлаг.

ДД/АА belsat.eu

Стужка навінаў