«Людзі арганізуюцца стыхійна. Проста трымаюцца разам і дапамагаюць чым могуць»


Другія содні працягваюцца пратэсты ў розных гарадах Беларусі пасля агучвання афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, згодна з якімі Аляксандр Лукашэнка набраў 80 % галасоў, а яго асноўны апанент – Святлана Ціханоўская – не дацягнула і да 10 %. Людзі выходзяць на вуліцы на мірныя акцыі, каб адстаяць свае галасы, але іх жорстка разганяе міліцыя, АМАП і ўзброеныя падраздзяленні, прымяняючы дубінкі, вадамёты, светашумавыя гранаты, пярцовы газ і гумовыя кулі.

Ноччу людзі масава выйшлі на пратэсты адразу ў некалькіх сталічных раёнах: ля ўніверсаму Рыга на вуліцы Сурганава, на станцыі метро «Пушкінская», на вулицы Кальварыйская.

Барыкады побач з універсамам «Рыга». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Вось, што пішуць сведкі падзей ля Рыгі:

«Толькі мы пад’ехалі і пачуліся выбухі светашумавых гранат і стрэлы. Людзі спачатку пабеглі, але пасля спыніліся. Сталі хлопаць у далоні, крычаць «сыходзь». Было незразумела, што адбываецца. Затым сталі ехаць хуткія і ім усе саступалі дарогу – перажывалі, раптам там параненыя. І ведаеце што? У хуткіх былі мянты. Яны высыпалі з аўтамабіляў, адразу пачыналі страляць, кідаць гранаты і пусцілі газ. Усе, вядома, пабеглі ў сквер, сталі хавацца», – дзеліцца ў сваімі ўражаннямі ў Facebook прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Human Constatnta Яна Ганчарова.

Ад напору ўзброеных сілавікоў пратэстоўцы нярэдка разбягаюцца па бліжэйшых дварах, каб схавацца і мець магчымасць перадыхнуць ад газавай атакі. Ім дапамагаюць жыхары дамоў.

«Надыхаліся газам, рэспіратар і акуляры цяжка хутка апрануць, але нас пусцілі добрыя людзі. У падʼездзе яшчэ гадзіну адсіджваліся чалавек 10. Суседняму падʼезду не пашанцавала. Пабачыўшы, што там хаваюцца людзі, ціхары кінулі шашку наўпрост туды і закрылі дзверы. МНС аператыўна прыехалі на выклік і самі добра прабляваліся», – апісвае падзеі вечара ў раёне Пушкінскай аператарка Дарʼя Сапранецкая.

Ст. м. Спартыўная, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

А вось хуткая дапамога на просьбу аб дапамозе, як адзначае Дарʼя, адказала: «Трэба сядзець дома». І гэта нягледзячы на тое, што выклікалі яе для цяжарных і мамаў з каляскамі, што сталі выпадковымі ўдзельнікамі падзей, бо іх папросту выставілі з крамы «Віталюр» напачатку разгону.

Ваду, каб абмыць вочы і твары, пратэстоўцам выносілі тыя ж людзі, што не пабаяліся пусціць да сябе ў падʼезд і кватэру. На падыходах да станцыі метро «Пушкінская» мясцовыя жыхары выстаўлялі бутэлькі з вадой наўпрост на ходніках.

Пра аказанне дапамогі ў раёне вуліц Сурганава-Багдановіча-Куйбышава напісала і Ганна Ражэнцова:

«Калі сёння працягнецца, у нас ранейшы план: назіраем, ацэньваем, калі можа пачацца хапун, да самага разгону вяртаемся да свайго дому і пускаем у падʼезд людзей, якія разбягаюцца праз двары».

На выпадак, калі сярод пратэстоўцаў ёсць параненыя, ля падʼездаў і на лесвічных клетках рэкамендуюць пакідаць не толькі ваду, але і медыкаменты, перавязачныя матэрыялы.

Ст. м. Пушкінская, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

У сацыяльных сетках зʼявілася інфармацыя, што цяпер па дварах дзяжураць міліцыянты, у тым ліку ў штацкай вопратцы, якія пільнуюць людзей, што могуць хавацца ці вяртацца дадому з пратэстаў.

«Мы патрапілі ў засаду на Грушаўцы. АМАП выскаквае на хаду з мікрааўтобуса і хапае мірных дэманстрантаў. Бяжыш ад адных у двары, а там чакаюць другія. Яны гоняць цябе як драпежнік у час палявання, а ты такая нязграбная траваедная жывёла з наіўным плакацікам, але выкручваешся, быццам гэта пытанне жыцця і смерці», – апісвае свае ўражанні Аляксандра Давыдзенка.

«Што вы ведаеце пра подласць? Познім вечарам бусік прыпаркаваўся з адваротнага боку дома. Мужыкі вышлі і плюхнуліся на траву, некалькі гадзін яны жралі, гучна жартавалі і спявалі песні… А ў 4 раніцы, калі народ з вуліц стаў вяртацца дадому, сталі адлоўліваць людзей і дзіка біць», – распавядае Юлія Васілюк.

Хрысціна Чарняўская Belsat.eu

Стужка навінаў