«Людзей у счэпцы проста размялі». Апавядаюць сведкі разгону на плошчы Пераменаў


Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Разгон акцыі памяці пра Рамана Бандарэнку на плошчы Пераменаў ды руйнаванне мемарыялу яму 15 лістапада ўзварушылі жорсткасцю і бессэнсоўнасцю. Сведкі гэтых падзеяў, мабыць, будуць пераказваць перажытае дзецям і ўнукам. Некаторыя з такіх гісторыяў запісаў «Белсат».

«Нас згоняць у гэтую трансфарматарную будку і спаляць, як у Хатыні»

Святлана з мужам і сяброўкаю прыйшлі на плошчу Пераменаў ад станцыі метро «Пушкінская», дзе пратэстоўцаў разагналі сілавікі, не даўшы сабрацца і пайсці арганізаванаю калонаю да мемарыялу Раману Бандарэнку.

– І дзесьці за дзве хвіліны да разгону мы прыйшлі на плошчу Пераменаў, – згадвае Святлана. – Людзі з вокнаў пачалі крычаць «сыходзьце», але не нам, а, я так зразумела, сілавікам, якія ўжо атачалі нас. Некаторыя паспяшылі ўцячы, іншыя сказалі «не, давайце заставацца».

Праз некалькі хвілінаў стала зразумела, што сілавікі акружылі плошчу Пераменаў: людзі хадзілі па перыметры, іх атачалі амапаўцы з усіх бакоў.

– Муж стаў трохі вышэй і кажа: «Ты не ўяўляеш, колькі іх там», – згадвае Святлана. – Потым кажа: «Ну што рабіць, хадзем у счэпку». Мы з сяброўкаю засталіся сядзець на лавачцы, а муж пайшоў у счэпку, і з гэтага моманту я яго не бачыла.

Сілавікі на плошчы Перамен у Менску, 15 лістапада.
Фота: АВ / «Белсат»

Паміж сілавікамі і людзьмі ў счэпцы пачаліся перамовы. Сілавікі абяцалі не страляць па пратэстоўцах.

– Хаця выглядала гэта ўсё насамрэч так, нібыта нас зараз згоняць у гэтую трансфарматарную будку і спаляць, як у Хатыні, – дзеліцца ўражаннямі жанчына. – Шмат хто з іх меў зброю, шчыты. Я села, проста заплюшчыла вочы ды пачула трэск лампадак і шкла. Калі я здолела расплюшчыць вочы, убачыла, што людзей у счэпцы проста размялі. Гэта адбылося максімум за дзве хвіліны. У мяне дасюль перад вачыма карціна: амапаўцы ўрываюцца ў перыметр – найперш частка рынулася выводзіць мужчынаў, а побач са мною пачалі расціскаць нагамі гэтыя лампадкі, штурхаць, здзіраць усё з плота з нейкім азвярэннем.

З перыметра выводзілі мужчынаў і жанчын. Іх з сяброўкаю не чапалі, але не вельмі ветліва папрасілі сысці, пагражалі затрыманнем.

– Адзін хлопец вельмі супраціўляўся, хапаўся за дзіцячыя арэлі, яму аддзіралі рукі. Потым вялі мужчыну сталага веку, магутнага целаскладу, яму ўпала кепка, ён смяяўся і прасіў пачакаць, даць кепку падняць, а яго цягнулі некалькі людзей, літаральна віслі на ім. Побач з намі стаялі дзяўчаты, адна з іх заплакала. Амапавец спыніўся каля яе: «Што ты плачаш, колькі табе гадоў?» Яна адказвае: «Дваццаць». Ён: «І што ты тут робіш? Што ты ходзіш сюды? Прыйдзеш дамоў – выпі шклянку каньяку, паплач і не хадзі болей».

Святлана з сяброўкаю пачалі шукаць выхаду з плошчы Пераменаў, але сілавікі гэтага зрабіць не давалі. Праз некаторы час амапаўцы пашыхтаваліся ў жывы калідор і загадалі ісці праз яго.

Затрыманні на плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

– Гэта было нібыта ў фільме «Ідзі і глядзі», – апісвае свае ўражанні Святлана. – Я б не здзівілася, калі б у канцы была сцяна і нас там проста расстралялі. Мы думалі, што ў канцы будзе аўтазак, але яго не было. Нейкім чынам нам удалося выйсці, нас падабраў мужчына і дапамог дабрацца дамоў.

Жанчына цэлую ноч званіла ўва ўсе пастарункі, спрабуючы даведацца пра лёс мужа. Але паўсюль адказвалі, што такога няма. Толькі потым Святлана зразумела, што «не было яго», бо затрыманыя ўсю ноч стаялі каля сцяны ў двары.

– Пра суд я даведалася за 15 хвілінаў да пачатку. Ледзь-ледзь мы паспелі туды. Я ў судзе села максімальна блізка, каб пабачыць мужа на экране, і ўбачыла абсалютна закатаваны твар, у яго голас амаль прапаў. Або ён вельмі прастыў, або дужа выматаны – ледзь адказваў. Суддзя мармытала нешта сабе пад нос, ён перапытваў, яна падвышала голас. Віны муж не прызнаў, распавёў, як усё было, і ў выніку атрымаў 15 содняў.

«Мы ляжалі, як мышы, на бруднай падлозе»

Некаторыя асобы, якія падчас разгону паспелі заскочыць у навакольныя дамы, апынуліся закладнікамі. Камусьці пашэнціла, і іх схавалі гаспадары кватэраў. Хтосьці вымушаны быў хавацца ў дапаможных памяшканнях. Гэту гісторыю «Белсату» распавялі у тэлеграм. Яна пра тое, як паўсотні пратэстоўцаў правялі амаль 18 гадзінаў без вады, ежы, свежага паветра.

– Асабіста мне не было страшна, але асацыяцыя з хованкай ад фашысцкіх стварэнняў не пакідала, – дзеліцца ўражаннямі адна з пратэстоўцаў. – Мы размяркоўваліся па кутах, ціснуліся адна да адной, калі сілавікі хадзілі вакол нас, свяцілі ліхтарыкамі ў вокны і спрабавалі ўгледзець. Таксама хаваліся ў прыбіральні, куды, дарэчы, увесь час хадзілі 50 асобаў, але не змывалі, каб не «спаліцца». Тэлефоны пераводзілі ў аўтаномны рэжым, стараліся не балбатаць.

Усё, што адбывалася, нагадвала дзяўчыне нейкі класічны фільм пра выжыванне: шмат у каго здавалі нервы, сталым людзям рабілася блага ад нястачы кіслароду, а патрэбных таблетак не было, хтосьці плакаў.

Сілавікі на плошчы Перамен у Менску, 15 лістапада.
Фота: АВ / «Белсат»

– Мы ляжалі, як мышы, на бруднай падлозе, пакуль за некалькі метраў ад нас разбіралі і ганьбілі тое, за што мы выходзілі змагацца. Было брыдка. Быць ціхімі давалася ўсё складаней, хтосьці ўжо смела дастаў тэлефон, хтосьці лапатаў, хтосьці свяціўся ў вакне і тузаў фіранкі. У кагосьці зазваніў тэлефон не ў той час, хтосьці наляцеў на люстэрка, хтосьці выпадкова запаліў святло. Нас цудам не вылічылі, страшна ўявіць, што б з намі было, калі б нам так не пашанцавала.

Гераіня вельмі ўдзячная людзям, якія яе прытулілі, а таксама адмінам, якія бралі ўдзел у «аперацыі вызвалення».

– Шчыра дзякую людзям, якія стараліся для ўсіх і дзеля ўсіх, спрабавалі весці перамовы і зрабіць гэтае катаванне настолькі камфортным, наколькі гэта ўвогуле было магчыма. Асобнай увагі вартыя здзіўленыя твары шакаваных міліцыянтаў, калі а палове на дзясятую раніцы з розных шчылінаў вывалілі чалавек дзвесце і як нічога ніякага – нуль увагі ў іхны бок – пайшлі па сваіх справах.

«Мы як габрэі ў Другую сусветную вайну»

Яшчэ адзін суразмоўца распавёў, што яны з калегам пабылі каля народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў з чатыры хвіліны, а потым зайшлі ў адзін з дамоў і падняліся на агульны гаўбец, дзе стаялі людзі.

Сілавікі хапаюць людзей у двары плошчы Перамен. Фота belsat.eu

– Мы ўбачылі, што ўсе пачалі разбягацца, і зразумелі, што нам уцякаць ужо няма сэнсу, – згадвае хлопец. – З намі на гаўбцы быў адзін з гаспадароў кватэры, які сказаў, што ў выпадку чаго можна будзе схавацца ў яго. Тым часам плошчу Пераменаў узялі ў кола сілавікі. Апошняе, што я памятаю з вуліцы, – сілавікі ўжо забеглі ў двор і са зброі цэліліся па нашым гаўбцы. Потым мы забеглі ў кватэру. Нас было трынаццаць асобаў.

Гаспадары ставіліся вельмі гасцінна да тых, каго прытулілі, прапаноўвалі каву і гарбату. Пратэстоўцы паводзіліся ціха: у асноўным ляжалі на падлозе, не перамаўляліся, каб не быць заўважанымі і затрыманымі.

– Мы часам выглядвалі ў вокны зірнуць, што адбываецца. Там сілавікі ганялі людзей. Апранутыя ў аліўкавую форму падзяляліся на «жоўтых» і «чырвоных» – паводле колеру нашывак на плячах. «Жоўтыя» пры «чырвоных» літаральна зверствавалі: білі людзей, ганялі. Як толькі «чырвоныя» знікалі, «жоўтыя» проста хадзілі, махалі дручкамі. Было такое, што «жоўтыя» спачатку адагналі людзей убок, а потым прыйшлі «чырвоныя», і «жоўтыя» пачалі гэтых людзей затрымліваць. Так трывала да цемры. Потым прыехалі бусікі, адтуль выйшлі людзі ў чорным без зброі, і мы пачалі разумець, што ўсё, напэўна, надоўга зацягнецца.

Калі АМАП пачаў хадзіць па кватэрах, прыехаў маленькі аўтазак, куды загрузілі з сорак асобаў.

– Мне ў пэўным сэнсе пашанцавала, я ляжаў на канапе побач з дзвярыма. Калі пачалі грукаць першы раз з крыкамі «адчыніце, міліцыя», было страшна. Потым я заснуў і прачнуўся каля поўначы, бо ў мяне ўпаў цукар. Гаспадар пачаставаў мяне цукатамі – трохі адпусціла. Заснуць было складана, але я зноў заснуў і прачнуўся наступны раз а палове на трэцюю ўначы. Усе былі ў стрэсе, казалі, што да нас ізноў ламаліся. Гаспадар спісаўся з гаспадыняю суседняй кватэры, у якой ужо шукалі, і было вырашана перайсці туды, бо другі раз ужо не прыйшлі б.

Затрыманні на плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

У суседняй кватэры былі дзве асобы, якіх ужо хавалі. Там пратэстоўцаў пачаставалі гарбатаю, накармілі.

– Распавялі, што ў іх быў ператрус: людзей было пяцёра, і траіх, якія пастанавілі не хавацца, забралі. Засталіся хлопец і дзяўчына, якія схаваліся пад канапаю.

Прачнуўшыся недзе а 7:00, маладзёны заўважылі, што амапаўскія бусы нікуды не з’ехалі. Праз некаторы час у кватэру пачалі сцягвацца людзі з суседніх кватэраў. Хлопец налічыў больш за 30 асобаў.

– Каля 9:00 пачалі ў дваравым чаце пісаць, што сілавікі з’ехалі. Мы баяліся, што гэта можа быць нейкая пастка. Па дзяцей гаспадыні прыехала сястра і сказала, што ўвялі пашпартны кантроль, так што лепей пакуль пачакаць. А праз паўтары гадзіны мы ўбачылі, што людзі пачынаюць сыходзіць невялікімі групамі. Было страшна, што пачнуць адлоўліваць недзе ў дварах. Асацыяцыя была, што мы габрэі ў Другую Сусветную вайну.

Сілавікі хапаюць людзей у двары плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Белсат / Vot Tak TV
  • Рамана Бандарэнку збілі невядомыя ў двары плошчы Пераменаў 11 лістапада.
  • 12 лістапада Раман памёр у шпіталі.
  • Да збіцця, магчыма, мелі дачыненне старшыня Федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў і кікбаксёр Дзмітрый Шакута.
  • Смерць Рамана Бандарэнкі, які проста выйшаў у свой двор і загінуў, выклікала вялікую хвалю гневу і салідарнасці сярод беларусаў.
  • Лукашэнку абурылі народныя мемарыялы загінулым ад гвалту сілавікоў: «Навошта ў Менску ствараць мемарыялы пад выглядам могілак? Могілкі і мемарыялы – гэта псіхалагічнае ўздзеянне на насельніцтва».
Стужка навінаў