«Любоў перамагае смерць!» Вялікая субота падчас пандэміі ў Горадні. Фотарэпартаж


Вернікі падчас службы ў гарадзенскай Фары . Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Нягледзячы на заклікі першых асобаў Касцёлу, вернікі ўсё ж прыйшлі на ўрачыстую службу напярэдадні Вялікадня. У гарадзенскай Фары было менш людзей, чым звычайна. Традыцыйную працэсію было вырашана адмяніць.

На працягу дня вернікі прыходзілі, каб асвяціць ежу ў кошыках, а ўвечары сабраліся на ўрачыстую службу. Людзей меней, чым звычайна, але на вуліцы традыцыйна дзяжураць супрацоўнікі міліцыі.

Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Ва ўсім свеце пануе эпідэмія, – кажа біскуп Аляксандр Кашкевіч, – Ёсць загад Апостальскай сталіцы, што сёлетнія набажэнствы больш скарочаныя, а таксама заклік да асобаў старэйшага веку, хворых і дзяцей, каб заставаліся дома ды далучаліся да малітвы з дапамогай медыяў. Дзякуй, што і ў Беларусі ёсць трансляцыі набажэнстваў на тэлебачанні. Можам яднацца ў малітве, нават застаючыся ў хаце».

Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Сёлета ў Горадні адмовіліся ад традыцыйнай працэсіі ў старым горадзе. Зазвычай гэта было ўрачыстае шэсце з гукаўзмацняльнай апаратурай, абразамі ды нават аркестрам, падчас якога перакрывалі некалькі вуліцаў у цэнтры. У гэтым годзе пандэмія ўнесла свае карэктывы.

Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Мы маем неяк перанесці гэты складаны час, – працягвае біскуп А.Кашкевіч, – Але няхай у нас будзе надзея. Любоў перамагае ўсё, нават смерць! Калі Хрыстос быў укрыжаваны, падавалася, што ўсё абрынулася, нават Ягонае вучэнне. Аднак, на трэці дзень паўстаў з мёртвых. Таму трэба заўсёды падкрэсліваць, што жыццё і надзея – мацнейшыя за смерць і цяжкасці».

Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Сітуацыя з каронавірусам скарэктавала таксама планы і асобных вернікаў. Размаўляем з жанчынай сярэдніх год, якая прыйшла ў Фару: «У гэтым годзе шмат што па-іншаму, але Свята застаецца Святам. Я, да прыкладу, адна прыйшла ў касцёл, больш нікога не брала з сабою. Дзеці засталіся разам з бабуляй у хаце. Да родных сталага веку, якія жывуць за горадам, не паедзем у госці таксама. Будзем віншаваць адно аднаго па тэлефоне… Але ўсё міне, праўда, мы ў гэта верым!»

Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў