Любіў форму НКВД, не любіў геяў. Чым запомніўся Шуневіч на пасадзе міністра


Ігар Шуневіч, які сем з паловай гадоў узначальваў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, сышоў у адстаўку. Belsat.eu прыгадвае, чым Шуневіч найбольш запомніўся беларускаму грамадству. Спойлер: нічым добрым.

10 чэрвеня Шуневіч падаў свой рапарт аб адстаўцы – і Лукашэнка яго падпісаў. Перад тым падчас працоўнай сустрэчы кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў міністра за неналежную падрыхтоўку да Еўрапейскіх гульняў: маўляў, замест фанзонаў сілавікі «ствараюць не тое «канцлагеры», не тое «гета».

Каментуючы адстаўку, Шуневіч заявіў журналістам: «Пройдзены вельмі доўгі і складаны шлях працы ў міністэрстве. Шмат што зроблена. У нейкі момант я пачаў разумець, што трэба забяспечваць пераемнасць, дынаміку, хуткасць і эфектыўнасць прыняцця рашэнняў. І гэта досыць складана – быць актуальным». Ён таксама дадаў, што, імаверна, занадта доўга займаў пасаду і надышоў час «змяніць род дзейнасці».

А мы сабралі топ «актыўнасцяў» Шуневіча за гады ягонай працы ў МУС.

1. Разгон Дня Волі ў Менску

«25 сакавіка ў Менску ўсё спакойна», – пісала газета «СБ. Беларусь сегодня» ў 2017 годзе. Насамрэч у той дзень МУС вывела на вуліцы гораду ўзброеныя спецпадраздзяленні, вадамёты, браніраваныя баявыя машыны. І ўсё гэта – супраць пары тысяч чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі. Пад дручкі сілавікоў патрапілі і звычайныя мінакі, і журналісты. У пастарунках апынуліся некалькі сотняў затрыманых.

Праз некалькі дзён у каментары «Еўрарадыё» міністр сцвярджаў, што не МУС не збіраецца адмаўляцца ад сілавых разгонаў мірных дэманстрацыяў:

«Я не бачу нічога звышнатуральнага ў тым, што мы часам нарошчваем свае сілы і магчымасці для таго, каб папярэдзіць нейкую шкоду грамадскаму парадку, грамадскім адносінам у сувязі з нейкай падзеяй. У тым ліку – палітычнай».

Да таго ж, цягам усяго сакавіка 2017 года міліцыя ў розных гарадах Беларусі затрымлівала ўдзельнікаў акцый «недармаедаў», якія пратэставалі супраць падатку на беспрацоўе.

Hавiны
«Дэпутату Марзалюку можна, а нам – не?» Аштрафаваныя недармаеды патрабуюць роўнасці перад законам
2017.04.13 15:04

Пасля «халоднай вясны 2017-га» у грамадстве быў даволі высокі ўзровень незадаволенасці ведамствам Шуневіча. Кажучы пра выпадкі міліцэйскага бязмежжа, беларусы дагэтуль называюць міліцыянтаў «шуняўкамі».

2. Скульптура гарадавога як «свяшчэнная карова»

Па ініцыятыве Шуневіча каля будынку МУС у Менску была ўсталяваная бронзавая скульптура царскага гарадовога з сабачкам.

Адкрыццё скульптуры было прымеркавана да сотага юбілею беларускай міліцыі. З’яўленне скульптуры прымеркавана да 100-годдзя беларускай міліцыі, якая вядзе сваю гісторыю ад 4 сакавіка 1917 года, калі бальшавікі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фрунзэ захапілі ў Менску паліцэйскую ўправу і раззброілі царскіх паліцыянтаў. Аднак гарадавы – як раз прадстаўнік паліцыі, якую раззбройвалі атрады Фрунзэ.

Hавiны
Масквічка, якую затрымалі за фота з гарадавым: У Менск вярнуліся б, а ў міліцэйскую клетку – не
2019.05.17 07:44

Гістарычная нестыкоўка міліцыю не засмучала, затое спробы мінакоў сфатаграфавацца або проста дакрануцца да скульптуры выклікалі неадэкватную рэакцыю. Менчукоў і нават гасцей горада затрымлівалі і штрафавалі за любыя дзеянні з гарадавым – гэта адбылося прынамсі 8 разоў. Інкрымінавалі, сярод іншага, «непадпарадкаванне міліцыі».Аднойчы за пятлю, накінутую на шыю гарадавому, актывіста спрабавалі пасадзіць на два гады «хіміі». Пры гэтым ніякай фармальнай забароны дакранацца на скульптуры няма.

Hавiны
Гарадавы разладу. Што цяпер можна зрабіць з помнікам, каб выправіць сітуацыю?
2018.12.07 16:36

Летась падлетак па імені Арсеній даў гарадавому плескача: міліцыя злавіла яго і прымусіла прасіць перад гарадавым прабачэння на камеру. Відэаролік з такім зместам апублікавала МУС. Справу за «дробнае хуліганства» супраць падлетка ўрэшце спынілі, але «выбачэнне перад гарадавым» стала мясцовым мемам.

Шуневіч тады казаў, што гэта была ягоная ідэя – стварыць такое відэа.

«Калі б гэта было дзіўна, я б гэтага не рабіў, я адэкватны чалавек», – тлумачыў кіраўнік МУС.

ВІДЭА
Камінг-аўт года: Шуневіч прызнаўся, што пакаянне падлетка перад помнікам – ягоная ідэя
2018.12.06 11:04

3. «Дзіравыя» выказванні

Экс-міністр таксама запомніўся драматычным стаўленнем да сексуальных меншасцяў. У эфіры тэлеканала АНТ ён заяўляў:

«Існуе пэўная катэгорыя грамадзян, якіх я, – прабачце за слэнг, гэта мой тэрмін, мая дэфініцыя – называю «дзіравыя». Некаторыя з іх зрабілі сабе адтуліны ў тых месцах, якія прыродай не прадугледжаныя. Некаторыя гэтыя адтуліны выкарыстоўваюць не па прызначэнні. А некаторыя – сапраўды дзірка. У адукацыі, выхаванні, культуры, інтэлекце.

Некаторыя ўсё гэта камбінуюць. Задача ў іх усіх адна, гэта ўсім зразумела: бліснуць у СМІ, у інтэрнэце, набраць пэўную колькасць сабачых воклічаў, як я іх называю, лайкаў. Натуральна, атрымаць гранты ад сваіх закардонных куратараў. І задаволіць сваё хваравітае эга»

Аб’ектыў
Міністр Шуневіч – абаронца маралі з турэмным жаргонам
2018.12.28 21:33

Прадстаўнікі ЛГБТК+ абурыліся падобнымі выказваннямі. Праваабаронцы адзначылі, што ў Беларусі і без таго высокі ўзровень гамафобіі, што прыводзіла да злачынстваў на глебе нянавісці па прыкмеце сексуальнай арыентацыі. Генпракуратура абяцала разгледзець скаргу ПЦ «Вясна» на Шуневіча, аднак ніякай адказнасці за свае словы міністр так і не панёс.

Hавiны
Ведамства Шуневіча адрэагавала на вясёлкавы сцяг на будынку амбасады Вялікай Брытаніі
2019.05.17 12:35

4. Стыль – НКВД

Некалькі гадоў на парад у гонар Дня Перамогі Шуневіч апрануў форму працаўніка НКВД сталінскіх часоў. Паводле ягоных слоў, ён зрабіў гэта, «каб аддаць даніну павагі гісторыі».

Кіраўнік МУС падкрэсліваў, што за свой учынак адчувае толькі гонар і ніякага шкадавання.

За перыяд з 1917 па 1953 гады ў Беларусі органамі дзяржбяспекі было забіта па розных дадзеных да 600 тысяч чалавек. Пік масавых рэпрэсій прыйшоўся менавіта на сталінскія часы. НКУС расстрэльваў беларускую інтэлігенцыю: дзеячаў культуры, навукоўцаў, святароў.

Але міністра Шуневіча, відавочна, куды больш клапаціў лёс чэкістаў – менавіта іхную памяць ён ушаноўваў.

5. Справа Патаповіча і рэйд супраць ромаў

Сёлета 16 траўня ў Магілёве знайшлі цела лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча. Перад тым лейтэнант нібыта паспеў паведаміць, шо яго выкралі прадстаўнікі цыганскай нацыянальнасці. У той жа вечар АМАП зладзіў рэйд на мікрараёны Чапаеўка і Грабянёва, дзе жывуць ромскія сем’і.

Паводле словаў ромаў, узброеныя міліцыянты ўрываліся ў іхныя хаты, клалі тварам на падлогу і жанчын, і людзей сталага веку, некаторых збівалі. Дзясяткі былі затрыманыя і беспадстаўна правялі за кратамі содні.

Пазней следства агучыла асноўную версію смерці Патаповіча – суіцыд. Ромы апынуліся невінаватыя. Праваабаронцы заклікалі Генпракуратуру праверыць законнасць дзеянняў міліцыі.

Міністр Шуневіч заявіў, што не збіраецца выбачацца перад ромамі. «Мне перад цыганамі выбачацца няма за што», – сказаў тады кіраўнік МУС.

ВІДЭА
Шуневіч: У міністра няма прычыны прасіць прабачэння ў цыганоў. Зразумела?
2019.05.23 10:13

***

Акрамя ўсяго пералічанага, Ігар Шуневіч запомніўся і грэблівым стаўленнем да журналістаў. «Калі ты фрылансер – будзь гатовы сустрэць фрыкопа», – жартаваў былы міністр ў эфіры АНТ. Між тым журналістам «Белсату», якіх ведамства Шуневіча рэгулярна кідала ў пастарункі, такі жарт смешным не падаецца.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў