Лявон Вольскі: Зрабілася абсалютна ясна: вось мы, а вось яны. І перакрыжоўвацца цяпер неяк не выпадае


Напярэдадні ці то апошняга (або і не) канцэрту «Крамбамбулі» Лявон Вольскі дзеліцца сваймі думкамі пра будучыню гурта, сутнасць беларуса ды згадвае пра легендарны N.R.M.

«Цяпер усе кропкі расстаўленыя»

Вашая цытата з вераснёўскага інтэрвю: «Мы не гаворым, што расстаемся назаўсёды. Мы партызанім, а потым можам выйсці на Плошчу Каліноўскага». Дык усё ж, што будзе з «Крамбамбуляю» пасля так званага апошняга канцэрту?

Пра «апошні канцэрт» я не казаў. Я казаў пра апошні альбом «Крамбамбулі». Мы пакідаем сабе права на розныя крэатыўныя партызанскія вылазкі ў розных краінах, на розных тэрыторыях, у розных нечаканых месцах і абставінах.

У тым жа інтэрвю вы згадваеце, што стваралі народныя хіты, «а пасля забароны не было сэнсу гэтым займацца». Ад моманту выхаду тых жа «Гасцей» і «Турыстаў» мінула ўжо больш за 10 гадоў, а вы распускаеце гурт толькі цяпер – чаму?

Таму што толькі цяпер зрабілася абсалютна відавочна, што пры гэтай уладзе для праекту «Крамбамбуля» у гэтай дзяржаве няма месца. Нават калі будуць розныя дэкаратыўныя «размарозкі», потым зноў немінуча вернуцца забароны. Раней не было сённяшняга досведу, усё рабілася весела і спантанна. Цяпер жа ўсе кропкі ды гачыкі над ś, ć, č ды іншымі літарамі пастаўленыя.

У якой ступені вы задаволеныя тым, які след «Крамбамбуля»пакінула ў беларускай гісторыі?

«Крамбамбуля» была светлым промнем у змрачнаватай беларускай гісторыі.

Шчыра кажучы, ніхто нікому не забараняе заходзіць у інтэрнэт і чытаць незалежныя СМІ, але гэтак робяць няшмат людзей. Альтэрнатыўныя кандыдаты і 100 тысячаў подпісаў сабраць не могуць, акцыі апазіцыі збіраюць, у лепшым выпадку, тысячу асобаў. Што абудзіць беларусаў?

Дык ясна што – іскра. А там ужо «из искры возгорится пламя».

Цытата з інтэрвю Міхалка: «Няма магчымасці па вертыкалі штосьці змяніць, таму мы па гарызанталі балаболім. Зверху залівае, але да яго страшна пайсці, таму грукаеш суседу злева – такі характар у беларуса, дакладней, яго адсутнасць». Вы згодныя, што беларусы – бесхрыбетныя?

Беларусы на дадзеным этапе маюць абсалютна цвёрды стрыжань. Ён называецца «спажыванне». Нарэшце прыйшлі часы, калі можна афіцыйна спажываць і ганарыцца гэтым. А што там за справы ў суседа ўгары ці злева – пляваць.

«Вось мы, а вось – яны»

У 2014 годзе вы казалі, што час кампрамісаў мінуў: «Гэта значыць, што я не буду граць канцэртаў з пазіцыі дазволяць мне ці не, я не буду больш пад іхную дудку плясаць». Што такога здарылася, што ў 49 вы прыйшлі да таго, што «плясаць пад іхную дудку» не мае сэнсу?

Я жыў, як усе, хто нязгодны з цяперашняй уладай – кожны дзень чакаў, што заўтра ўсё зменіцца, і прыйдзе ранак, калі мы прачнёмся ў новай краіне. Як гэта было пры абрынанні Савецкага Саюзу. Але гэты ранак усё не прыходзіў і для некаторых з нас так і не прыйшоў. Але трэба было існаваць у зададзеных каардынатах: не гаварыць пра нешта ў інтэрвю дзяржаўным СМІ, удзельнічаць у нейкіх мутных ток-шоў… Гэта нельга назваць сапраўдным кампрамісам, але, калі забароны набралі абароты, зрабілася абсалютна ясна: вось мы, а вось яны. І перакрыжоўвацца цяпер неяк не выпадае.

Шмат людзей усё яшчэ пытаюць пра N.R.M – «калі ўз’яднанне, навошта ты яго разваліў, чаму распаліся« і г.д.

Я даўно ўжо сказаў: хто хацеў усё зразумець – той зразумеў. Хто ня хоча – таму ня варта і тлумачыць. Мае былыя калегі ад пачатку выхаду на сцэну ўтрох і дагэтуль бадзёра сцвярджаюць: «Мы не разглядаем удзелу Лявона Вольскага ў нашай далейшай працы». Пяць гадоў таму мяне паставілі перад фактам: далей яны працуюць без мяне. Што яшчэ трэба тлумачыць?! Я разваліў гурт? Гурты развальваюцца цераз унутраныя супярэчнасці зазвычай. І заўважце, я не забараняю граць канцэрты і выпускаць альбомы пад прыдуманай мной назвай і спяваць напісаныя мной песні. Хаця часам рука сама цягнецца да чырвонага гузіка…

»Не жылі мы добра – не трэба і пачынаць» – як пераканаць беларуса думаць інакш?

Я думаю, беларусы думаюць не гэтак. Ім падаецца, што, насамрэч, яны ніколі так добра не жылі. І хай бы гэтае салодкае заможнае жыццё, поўнае тэлевізараў, лядоўнікаў, аўтамабіляў і іншых чароўных рэчаў, цягнулася бясконца.

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

>>>Канцэрт «Крамбамбулі» ў Вільні. ОНЛАЙН на «Белсаце» 7 лістапада а 21:00!

Стужка навінаў