Лявон Вольскі выклаў у сеціва «Псіхасаматыку» (АЎДЫЁ+ВІДЭА)


Музыка прэзентаваў новы (і першы пасля смерці жонкі ды асабістага менеджара Ганны Вольскай) альбом на Soundcloud. Спампаваць яго можна таксама з сайта Вольскага.

«Альбом для мяне сакраментальны. Ён – нібы мяжа паміж тым, што было і тым, што чакае наперадзе. Было шмат усяго – рознакаляровага, рознаэмацыйнага, па-рознаму зараджанага… А што наперадзе – невядома. І паміж гэтым невядомым і тым зіхоткім і цёплым, трывожным і неспакойным, вясёлым і сумным мінулым, нібы Рубікон, пралягае «Псіхасаматыка»» – распавёў «Белсату» выканаўца.

У «Псіхасаматыку» ўвайшлі 16 трэкаў. Альбом падзелены на два дыскі – «Горад» і «Лес», якія адрозніваюцца гучаннем.

Сродкі на запіс кружэлкі збіралі талакою ў інтэрнэце. Ствараць новую плытку Вольскаму дапамагаў знаны нарвежскі саўндпрадзюсар Снорэ Бергеруд. Ён таксама адказваў за папярэдні дыск «Грамадазнаўства», які выйшаў у 2014 годзе.

Пакуль альбом можна слухаць толькі праз інтэрнэт. Купіць дыск можна будзе падчас вялікай канцэртнай прэзентацыі 3 снежня ў віленскім клубе Loftas. Квіткі, кошт якіх ад 65 да 113 рублёў, можна купіць тут.

Беларусы могуць атрымаць бясплатныя візы. Віза (без консульскага збору) з тэрмінам дзеяння з 2 да 4 снежня ўключна выдаецца грамадзянам Беларусі на падставе набытых у Беларусі квіткоў. Падаць дакументы на бясплатную візу трэба да 24 лістапада ўключна. Пакрокавая інструкцыя тут.

Лявон Вольскі – музыка з неафіцыйнага чорнага спісу, у які ўключылі дзеячаў культуры, што не падтрымліваюць цяперашніх уладаў. Музыку не паказваюць у дзяржаўных беларускіх медыях, а ягоныя канцэрты ў Беларусі фактычна пад забаронаю.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў