«Лямантаваць пра 80 % – гэта глупства». Размова з работнікам МТЗ, які ўцёк за мяжу ад пераследу


Да сёлетняга страйку Эдуард Свянцецкі доўгі час працаваў на МТЗ токарам. Калі на яго пачаўся моцны ціск, мужчына пераехаў у Польшчу ды папрасіў палітычнага прытулку. Ён даў эксклюзіўнае інтэрв’ю «Белсату», у якім распавёў пра страйк на трактарным заводзе і ступень падтрымання Лукашэнкі сярод работнікаў.

Эдуард Свянцецкі, былы працаўнік МТЗ, які схаваўся ад пераследу ўладаў у Польшчы.
Фота: скрыншот з belsat.eu

Эдуард Свянцецкі быў адным з найбольш актыўных удзельнікаў страйкаў на МТЗ. Ягоная забастоўка пачалася яшчэ 14 жніўня.

«Мая грамадзянская пазіцыя – я супраць дзейнай улады, патрабую сыходу так званага прэзідэнта і спыніць гвалт над народам», – так апісвае мужчына свае прынцыпы.

Аляксандра Лукашэнку Свянцецкі называе не інакш як «былым прэзідэнтам». Тлумачыць гэта тым адсутнасцю падтрымання ў беларускага народу.

«Ён займае не сваю пасаду, таму мусіць сысці», – тлумачыць мужчына.

Прэм’ер-міністр Беларусі адмовіўся гаварыць з работкамі МТЗ пры журналістах. Людзі самі выйшлі да медыяў. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Што зараз адбываецца на МТЗ?

Трактарны завод хоць і не вельмі прыбытковае прадпрыемства, але заробкі там сапраўды неблагія. У сярэднім у цэхах працоўныя атрымліваюць да Br 1000.

Эдуард распавядае, што большасць людзей вельмі станоўча адгукнуліся на заклікі пра страйк. Таму ён атрымаўся такім масавым. Але былі і такія, хто ўстрымаўся, хоць і не падтрымлівае дзейную ўладу.

«За 26 гадоў людзі настолькі прывыклі баяцца, што яны не могуць гэта пераадолець. Жывуць у інтэрнаце, баяцца згубіць жытло, згубіць працу. Толькі страх іх трымае», – тлумачыць ён.

Эдуард Свянцецкі, былы працаўнік МТЗ, які ўцёк ад пераследу ўладаў у Польшчу.
Фота: скрыншот з belsat.eu

Але перакананы, што ўладам ужо ніякая стратэгія заціскання не дапаможа. Маўляў, яны могуць запалохаць людзей на месяц-два, але хутка тыя ізноў будуць выходзіць.

«Я шмат апытваў работнікаў і, ведаеце, няма ў Лукашэнкі аніякага падтрымання! З 50 чалавек у нашым калектыве – толькі 1-2 агулам. І гэта сярод рабочых! Уявіце, што адбываецца сярод моладзі і інтэлігенцыі. А ён лямантуе пра «80 %». Гэта глупства».

Да страйку на Трактарным заводзе далучыліся не толькі працаўнікі, але і інжынеры. Эдуард кажа, што пратэстаў такога маштабу ён не бачыў ад 1990-ых гадоў, калі распадаўся Савецкі саюз. Тады на вуліцы выходзіла ледзь не столькі ж людзей.

Спадар Свянцецкі перакананы ў перамозе пратэстоўцаў, іншых варыянтаў не бачыць.

«Калі няма аніякага падтрымання, то вельмі складана ўтрымліваць уладу», – кажа ён.

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

***

Улады працягваюць ціснуць на прадстаўнікоў страйкамаў. Учора, 25 жніўня, 10 содняў арышту атрымаў прадстаўнік страйкаму МАЗу Сяргей Дылеўскі.

Сёння 10 содняў адміністрацыйнага арышту атрымаў старшыня страйкаму Менскага заводу колавых цягачоў Аляксандр Лаўрыновіч.

За мяжу мусілі выехаць некаторыя прадстаўнікі страйкамаў «Беларуськалія».

КТ belsat.eu

Стужка навінаў