Ля Вечнага агню, дзе Лукашэнка ўскладаў кветкі, выбухнуў заплечнік (ФОТА)


Здарэнне адбылося непадалёк Вечнага агню, дзе праходзіла цырымонія ўскладання вянкоў да манументу Перамогі Лукашэнкам з Колем.

Паводле аператаркі «Белсату» Ірыны Арахоўскай, якая была на месцы падзеяў, маладзён скінуў з сябе заплечнік, у якім нешта выбухнула. Тыя, хто стаяў побач, адскочылі. Пачалася лёгкая паніка. Людзі баяліся спускацца ў пераход.

«Я падбегла да супрацоўніка ў цывільным і распавяла пра выбух, а ён сказаў, што ягоная задача – патруляваць зверху, а разбірацца будуць тыя, хто дзяжурыць знізу. Калі я вярнулася, то на месцы здарэння стаяў хлопец з абгарэлым заплечнікам і кашуляй. Нібыта ў яго на спёцы ўзарваўся акумулятар ці тое тэлефона, ці тое электроннай цыгарэты», – распавядае Ірына і дадае, што яе здзівіла спакойная рэакцыя сілавікоў: аніякай спробы пацікавіцца ці сцішыць паніку.

Іншыя відавочцы таксама звярнулі ўвагу на рэакцыю міліцыянтаў.

«Людзі ў цывільным «апякаюць» «Несмяротны полк», напрыклад, сочаць, каб ніхто не выйшаў на ходнікі… Рух па праспекце перакрыты. З боку вуліцы Машэрава стаіць аўтазак… Хлопец, у якога выбухнуў акумулятар, хвілінаў 15 стаяў на прыступках на выхадзе з пераходу разам з сябрамі. Ніводны супрацоўнік міліцыі або метрапалітэну ніяк не адрэагаваў… Гэта да таго, ці можам мы сябе адчуваць бяспечна падчас масавых мерапрыемстваў», – напісала адна з прысутных на плошчы.

Рэч, якая меркавана выбухнула

ДР belsat.eu

Стужка навінаў