Ля парыжскага «Дыснэйленду» затрымалі мужчыну з пісталетамі і Каранам


Служба бяспекі забаўляльнага парку затрымала мужчыну «еўрапейскага паходжання». У яго былі два пісталеты – «каб бараніць сябе».

28-гадовы мужчына «еўрапейскага паходжання» нёс у чамадане зброю, а таксама меў копію Карана. Гэта высветлілася падчас праверкі на ўваходзе ў гатэль «New York», што побач з «Дыснэйлэндам».

У гатэлі ў яго быў зарэзерваваны нумар. Паводле дакументаў, затрыманы жыве ў Парыжы, распавялі AFP у паліцыі.

Раней у поле зроку паліцыі ці спецслужбаў ён не трапляў, пры затрыманні, якое адбылося каля поўдня 28 студзеня, не аказваў супраціву.

У паліцыі паведамілі, што няма ніякіх прызнакаў, што інцыдэнты быў звязаны з тэрарызмам, і што мужчына сказаў, што носіць з сабой зброю, бо непакоіцца за сваю бяспеку.

З ім была дзяўчына, якую ў хуткім часе таксама затрымалі. Меркавана яны знаходзяцца ў стасунках.

«Дыснэйлэнд» знаходзіцца ў 30 кіламетрах на ўсход ад Парыжу і з’яўляецца самым наведвальным тэматычным паркам у Еўропе. Паводле Global Attractions Attendance Report, парк у 2014 годзе наведалі каля 10 млн асобаў.

У Францыі па-ранейшаму дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча. Ён быў уведзены пасля лістападаўскіх тэрактаў у французскай сталіцы, у выніку якіх загінулі 130 асобаў.

НМ, belsat.eu, паводле news.sky.com

Стужка навінаў