Львоўскі гід: Больш за ўсё беларусы любяць музей піва


Турысты з нашай краіны – у тройцы самых частых наведнікаў Львова. Чым прываблівае заходнеўкраінскі горад, распавядаюць прадстаўнікі турфірмаў і львоўскі гід.

Па выніках мінулага году, беларускія турысты ўвайшлі ў топ-3 наведнікаў Львова. Са статыстыкі ўпраўлення турызму дэпартаменту развіцця Львоўскай гарадской рады вынікае, што летась заходнеўкраінскі горад наведалі амаль 206 тыс. беларусаў – на 120 % больш у параўнанні з пазамінулым годам. Госці з Беларусі – гэта 8 % ад колькасці ўсіх наведнікаў гораду (больш, чым беларусаў, было толькі ўкраінцаў і палякаў).

Самыя папулярныя сярод нашых суайчыннікаў месцы ў Львове – Опера, Ратуша і Высокі замак. Згодна са справаздачай упраўлення турызму, у сярэднім беларус за содні перабывання ў Львове выдаткуе 30 еўраў.

«Забавы там касмічнага ўзроўню ў параўнанні з Беларуссю»

Гомельскі офіс турагенцтва «Славія тур» штомесяц ладзіць аўтобусны тур у Львоў.

У гомельскім офісе турагенцтва «Славія тур», кажуць, што ўжо паўтара года прывіваюць гамельчукам любоў да ўкраінскага гораду:

«Гэта няблізкая адлегласць, і не папулярны быў маршрут для гамельчукоў, але тым не менш паўтара года амаль штомесяц ездзім у Львоў, і з кожным разам цікавасць усё большая. Уражанні ў людзей выключна станоўчыя, канешне, такі цалкам еўрапейскага ўзору горад, і людзям гэта ўсё, вядома, падабаецца».

У аб’ектыве – Львоўская опера. Фота з сацыяльных сетак

Паводле суразмоўцы, дзве траціны тых, хто набывае тур у Львоў, цікавяцца забаўляльным адпачынкам, які там проста «касмічнага ўзроўню», калі параўноўваць з Беларуссю:

«Там паглядзець шмат чаго, а ў часе ўсе абмежаваныя: пакуль пахадзілі, адныя месцы паглядзелі, усе стамляюцца, усім хочацца бегчы хутчэй ва ўстановы, пра якія яны чыталі ў інтэрнэце. Сёння забаўляльныя ўстановы (рэстараны, бары) на цэнтральнай плошчы выйшлі ў адзін шэраг з архітэктурнымі помнікамі, гэта дакладна, па цікавасці з боку людзей».

У менскай кампаніі «Валерыя тур», якая кожныя выходныя адпраўляе ў заходнеўкраінскіх горад аўтобусны тур, таксама кажуць, што беларусы любяць львоўскія рэстараны. І таму часта, акрамя стандартнай агляднай экскурсіі, замаўляюць дадатковую – па кавярнях, разам з дэгустацыяй (каштуе каля $ 13).

«Шмат якія турысты едуць адзначаць дні нараджэння і кажуць, што гэта ім танней атрымліваецца – паехаць у Львоў, і адпачыць там нават з кампаніяй сяброў, чым у Менску ў якім-небудзь рэстаране», – кажа супрацоўніца кампаніі.

Плошча Рынак. Фота spec-kor.com.ua

Беларускамоўны гід са Львова: Прыязджаюць і параўноўваюць з Вільняй

Беларускамоўны гід са Львова Андрэй Кусій кажа, што беларускія турысты вяртаюцца пасля спаду 2013-2014 гадоў, калі адбылася рэвалюцыя Годнасці і пачаліся баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны, што ў некаторых выклікала страх. Цяпер беларусы прыязджаюць і спрабуюць крытычна разабрацца ў сітуацыі, параўноўваюць розныя пункты гледжання. Ну і, вядома, адпачываюць.

«Самы цікавы музей для беларусаў – музей піва. За апошнія два гады там абнавілі экспазіцыю, з’явілася больш інтэрактыўных элементаў. Таксама беларусам цікавыя нашыя касцёлы, цэрквы розных канфесіяў. Хто больш ведае гісторыю, звяртае ўвагу на спадчыну ад польска-літоўскага саюзу, ад Рэчы Паспалітай. І калі даведваюцца, што на Львоў Літва мела меншы ўплыў у параўнанні з Польскім каралеўствам, то здзіўляюцца, але часта параўноўваюць Львоў з Вільняй», – заўважае Андрэй Кусій.

Таксама гід распавядае, што беларусы не супраць закупіцца ў Львове, а таму часта, прыязджаючы аўтобусным турам, просяць кіраўніка групы зрабіць прыпынак на гадзіну-другую ў гандлёвым цэнтры.

Ну а ўвогуле ў беларусаў застаюцца самыя прыемныя ўражанні ад шпацыру па Львове, наведвання мясцовых кавярняў і гасціннасці мясцовых жыхароў, падсумоўвае Андрэй Кусій.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў